Пратэстуюць сотні рабочых гарадзенскага «Азоту»


Больш за 200 працаўнікоў прадпрыемства не згодныя са зменамі ва ўмовах працы і звярнуліся ў Беларускі незалежны прафсаюз з просьбаю разабрацца ў сітуацыі. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Рабочыя не згодныя з новымі ўмовамі атэстацыі, якія вызначыла Міністэрства працы. Сотні людзей страцілі права на датэрміновую пенсію, дадатковы адпачынак і даплаты за шкодныя або небяспечныя ўмовы працы.

Сяргей Антусевіч адзначыў, што ў заявах у незалежны прафсаюз рабочыя кажуць не толькі пра «дзіўным чынам праведзеную атэстацыю», але і пра ціск з боку адміністрацыі прадпрыемства з патрабаваннем прызнаць вынікі гэтай атэстацыі. У выпадку непрызнання, растлумачыў Антусевіч, працаўніка могуць звольніць, згодна з Працоўным кодэксам.

Паводле яго, Беларускі незалежны прафсаюз звярнуўся ў пракуратуру з просьбаю разабрацца ў сітуацыі. «Пракуратура звярнула ўвагу толькі на тое, што быў ціск на людзей, а ў пытаннях атэстацыі накіравала іх у Мінпрацы. Інспекцыя ж па працы напісала нейкую адпіску», – паведаміў Антусевіч.

Паводле намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у сітуацыю ўмяшалася таксама Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Праблема была агучаная першаму віцэ-прэм’еру Уладзіміру Сямашку падчас ягонага візіту на завод. Ён пакуль прыпыніў дзеянне новай атэстацыі і даў загад «разабрацца».

Сяргей Антусевіч таксама паведаміў, што яшчэ на адным гарадзенскім прадпрыемстве, «Горадняжылбуд», работнікі «з прычыны нізкіх заробкаў фактычна абвесцілі ўльтыматум кіраўніцтву прадпрыемства і запатрабавалі павелічэння выплатаў».

belsat.eu

Стужка навінаў