Ярмошына арганізуе ролевыя гульні для чальцоў выбарчых камісіяў


Старшыня ЦВК у форме дзелавой гульні будзе вучыць чальцоў участковых камісіяў майстэрству правядзення выбараў. Ім пакажуць, што рабіць у пазаштатных сітуацыях: калі журналіст фатаграфуе бюлетэні, а назіральнік хоча сачыць за падлікам галасоў.

У што гуляе ЦВК?

Ідэалагічныя працаўнікі сталічных выканкамаў зладзілі для сябе семінар, прысвечаны правядзенню выбараў. У ім удзельнічала Лідзія Ярмошына. Яна зноўку скарыла публіку “вясёлкавым уборам” і раскрыла дэталі падрыхтоўкі чальцоў участковых камісіяў да галасавання.

Навучанне ўчастковых выбрачых камісіяў пройдзе ў форме дзелавых гульняў, дзе будуць змадэляваныя сітуацыі, узятыя з досведу папярэдніх выбараў.

Складаныя сітуацыі

Пра тое, што гэта будуць за гульні, можна дазнацца, азнаёміўшыся з дапаможнікам, які ЦВК выдала адмыслова для парламенцкіх выбараў 2012 г. У кніжцы разглядаюцца пазаштатныя сітуацыі: канфлікты з журналістамі ды назіральнікамі.

Асобна разглядаюцца канфліктныя сітуацыі падчас падліку галасоў. Напрыклад, такая: “Назіральнік заявіў, што не бачыць працэсу падліку галасоў, таму стаў бліжэй да стала. А старшыня камісіі вярнуў назіральніка на старое месца і прыгразіў выдаліць з участку, калі той будзе падыходзіць бліжэй”, – такую вельмі распаўсюджаную праблему апісвае дапаможнік ЦВК.

Складальнікі дапаможніка адказваюць: “Назіральнік мае права рэальна сачыць за падлікам галасоў, таму старшыня камісіі не мусіць ігнараваць такой просьбы, а мусіць паказаць назіральнікам месца, адкуль падлік можна пабачыць”.

Паніка: журналіст здымае

Наступны канфлікт звязаны з журналістам, які фатаграфуе падлік бюлетэняў. Чальцы камісіі нервуюцца, а старшыня камісіі патрабуе спыніць здымкі, у адваротным выпадку абяцае выдаліць з участку. Аднак “журналіст адказвае, што выконвае свае службовыя абавязкі ды просіць чальцоў камісіі не пазіраваць і проста рабіць сваю працу. Старшыня яшчэ раз папярэджвае, што пасля наступнага здымка выдаліць журналіста за дзверы”.

“Фотажурналіст не парушае заканадаўства: прадстаўнікі СМІ асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў паводле заканадаўства”, – каментуе сітуацыю ЦВК.

Крок наперад?

ЦВК, у параўнанні з папярэднімі выбарамі, стала больш выразна патрабаваць ад старшыняў камісіяў не парушаць правоў прэсы і назіральнікаў. Аднак у той жа час яна раіць камісіям не дапамагаць ім.

Такім чынам, Цэнтрвыбаркам дэманструе, прынамсі на паперы, жаданне прывесці беларускія выбары ў адпаведнасць з заканадаўствам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары