Аўтобус з беларускімі турыстамі сутыкнуўся не з адным, а з двума аўтамабілямі «Ford»


Міністэрства ўнутраных справаў Украіны ўжо назвала вінаватага ў ДТЗ у Херсонскай вобласці. Беларускія турысты вяртаюцца на радзіму.

Аварыя адбылася апоўначы 21 ліпеня на 105-м кіламетры аўтадарогі Херсон – Джанкой – Феадосія – Керч каля пасёлку Каланчак. Кіроўца грузавога “Ford-Transit” з прычэпам падчас абгону выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з турыстычным аўтобусам “Setra”. У выніку аўтобус выкінула на сустрэчную паласу, у яго ўрэзаўся яшчэ адзін “Ford-Transit”, і пасля гэтага “Setra” перакулілася на левы бок.

Аўтобус рухаўся па маршруце Еўпаторыя – Менск.

Паводле факту ДТЗ распачалі крымінальную справу, праводзіцца расследаванне.

Згодна са звесткамі Міністэрства надзвычайных справаў Украіны, у аварыі пацярпелі 35 чалавек, у тым ліку 32 грамадзяніны Беларусі. Сярод пацярпелых турыстаў – шасцёра дзяцей. Агулам у аўтобусе ехалі 46 пасажыраў і два кіроўцы. Увечары 22 ліпеня аўтобус з 33 пасажырамі, якія трапілі ў ДТЗ, накіраваўся з Каланчака ў бок беларускай мяжы ў пункт пропуску “Новая Гута”.

Ва Украіне засталіся 15 пацярпелых, з якіх сямёра цяпер у Каланчакскай цэнтральнай раённай бальніцы, чацвёра – у Херсонскай абласной бальніцы, адзін – у цэнтральнай рэспубліканскай бальніцы і адзін – у дзіцячай рэспубліканскай клінічнай бальніцы Сімферопалю, двое – у цэнтральнай раённай бальніцы Краснаперакопску.

belsat.eu

Стужка навінаў