Гадавіна масакры на Утэі


Год таму Андэрс Бэрынґ Брэйвік (Anders Behring Breivik) забіў 69 чалавек у моладзевым лагеры нарвежскай кіраўнічай партыі ды яшчэ васьмёра загінулі ад выбуху бомбы ў Осла.

Прысуд Брэйвіку, які пад час апошняга слова тлумачыў свае дзеянні патрэбай абароны айчыны, вынесуць праз месяц, а сёння Нарвегія ўзгадвае ахвяраў масакры. Сцяна кветак у гонар загінулыхСцяна кветак у гонар загінулых

Падзеі гадавой даўніны развіваліся наступным чынам.

  • А 15:25 мясцовага часу ва ўрадавым будынку нарвежскай сталіцы выбухнула бомба, у выніку чаго загінулі 8 і былі параненыя 200 чалавек. Выбух спарадзіў пажары ў колькіх месцах, а ў кабінеце прэм’ер-міністра выбуховаю хваляю выбіла шыбу. Як стане вядома пазней – гэткім чынам Брэйвік адцягнуў увагу паліцыі ад наступных пунктаў свайго плану.

  • А 17:00 Брэйвік у паліцыйнай форме прыбыў на востраў Утэя (Utøya), нібыта каб паінфармаваць людзей пра падзеі ў Осла. Ахова лагеру не толькі не правярае ягоных дакументаў, а нават дапамагае перанесці цяжкую торбу з набоямі, дымавымі гранатамі ды дзвюма каністрамі паліва да галоўнага будынку лагеру. Пасля гэтага Брэйвік забівае ахоўніка і дзяўчыну – капітана парому.

  • Брэйвік забівае ўсіх, хто, на ягонае ўяўленне, выглядае старэйшым за 18 гадоў (пазней аказалася, забітых няпоўнагадовых – каля двух дзясяткаў). Хтосьці інфармуе паліцыю пры “незразумелыя гукі” на Утэі, аднак у адказ чуе, што “ў гэты час прымаецца толькі інфармацыя пра выбух у Осла”. Праз паўгадзіны Брэйвік тэлефануе ў паліцыю, паведамляе пра сітуацыю на востраве і заяўляе, што хоча здацца. Пакуль паліцыя шукае транспарт (бо ў Осла хаос, а экіпаж адзінага мясцовага верталёта – у адпачынку), Брэйвік працягвае забіваць.

  • Толькі а 18:30 спецназ прыбыў на Утэю, Брэйвік адразу здаецца.



Тлумачэнні забойцы



Перад бойняю Брэйвік змясціў у інтэрнэце свой “маніфест” на 1518 бачынаў. У ім ён абвесціў, што Еўропу заліла хваля мусульманскіх уцекачоў і што палітыка мультыкультуралізму злачынная. Ён казаў пра сетку аднадумцаў па ўсім свеце і пагражаў, што Нарвегію яшчэ чакаюць тэракты.

Ён патрабаваў прызнаць яго псіхічна здаровым і заявіў, што не прымае іншага прысуду, апроч смяротнага пакарання ці апраўдання. Самая суворая кара ў Нарвегіі – 21 год зняволення, таму, відаць, гэты тэрмін будуць падаўжаць да канца жыцця Брэйвіка.

belsat.eu

Стужка навінаў