Уланы ВКЛ у Горадні


Уланы, драгуны, гусары і конныя егеры прайшлі парадам па вуліцах Горадні. З нагоды 200-х угодкаў вайны 1812 г. у горадзе праходзяць гістарычныя імпрэзы.

Рэканструктар Уладзімір Калянкоў рэпрэзентуе ўланскі полк ВКЛ, які застаў толькі восеньскі перыяд вайны. Напалеона ў Беларусі падтрымлівала перадусім шляхта, што спадзявалася на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага прынамсі на тых жа правах, на якіх існавала залежнае ад Францыі Варшаўскае герцагства. Меркавання простых сялянаў, вядома, ніхто не пытаў.

«Маскоўская рэкрутчына забрала вялізарную колкасць людзей, і вельмі шмат беларусаў змагаліся і на батарэі Раеўскага на Барадзіно, і ў іншых карпусах Расейскай імперыі з прымусу. Але былі і добраахвотнікі, якія пераплывалі Нёман, бралі піку ў рукі ды змагаліся за свабоду Радзімы», – распавядае Уладзімір.

Як зазначыў рэканструктар, вусы былі абавязковым атрыбутам уланаў – «каб накручваць іх падчас размоваў з сімпатычнымі жанчынамі». Прыгажуняў і сёння хапала сярод гледачоў вулічнага параду, а таксама тэатралізаванага паказу момантаў жыцця мінулай эпохі ды канцэрту класічнай інструментальнай музыкі, што прайшлі ва ўнутраным дворыку Новага замку.

Пасля, на пляцоўцы каля Кургану Славы, прайшла галоўная імпрэза – рэканструкцыя бітвы 1812 г. У ёй узялі ўдзел больш як сотня прадстаўнікоў найбуйнейшых беларускіх і расейскіх гістарычных клубаў.

Вайна 1812 г. не прынесла беларусам ні аднаўлення незалежнасці, ні вызвалення ад прыгоннага права, на што спадзяваліся прыхільнікі Напалеона. Затое на той свет забрала дзясяткі тысяч вайскоўцаў і мірных жыхароў з абодвух бакоў.

belsat.eu

Стужка навінаў