Следчы камітэт як абаронца самога сабе


Пасля стварэння Следчага камітэту органы пракуратуры былі пазбаўленыя права заводзіць крымінальныя справы. Як вынік, працаўнікі камітэту не толькі вядуць крымінальны пераслед, але і разглядаюць справы перавышэння паўнамоцтваў сваімі ж працаўнікамі – катаванняў і г. д.

Замкнёнае кола

Нягледзячы на тое, што функцыі нагляду за дзеяннямі следства і органаў Міністэрства ўнутраных справаў у пракуратуры засталіся, яны проста скіроўваюць іх да Следчага камітэту. Камітэт, у сваю чаргу, не праводзіць нагляду за дзеяннямі праваахоўнікаў, аднак мае права заводзіць крымінальныя справы. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гэткая сітуацыя пакідае сумневы ў сумленным разглядзе скаргаў грамадзянаў на дзеянні міліцыі. У Следчым камітэце працуюць прадстаўнікі розных сілавых органаў, якія не палаюць жаданнем распачынаць справы на сваіх былых калегаў. {movie}Валянцін Стэфановіч пра Следчы камітэт|right|5458{/movie}

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Днямі Следчы камітэт адмовіў заводзіць крымінальную справу паводле шматлікіх фактаў катавання Паўла Плаксы працаўнікамі Ленінскага РУУС сталіцы.

Як павялічыць раскрыццё злачынстваў

Маладога чалавека затрымалі 30 траўня як падазраванага ў здзяйсненні крадзяжу. Паколькі віны сваёй ён не прызнаў, міліцыянты перайшлі да больш эфектыўных захадаў, каб атрымаць прызнанне.

Паводле словаў Плаксы, яго некалькі дзён збівалі, насоўвалі пакет на галаву, не давалі есці ды не пускалі ў прыбіральню. Акрамя гэтага працаўнікі міліцыі пагражалі згвалціць ягоную сяброўку, а маладога чалавека заразіць СНІДам. На шчасце, сляды збіцця заўважыў дзяжурны адвакат, які выклікаў хуткую дапамогу, аднак пад ціскам міліцыянтаў Павел адмовіўся ад шпіталізацыі.

Ягоныя бацькі напісалі скаргу ў Следчы камітэт, а пасля ва ўсе магчымыя інстанцыі. Аднак паводле праверкі, праведзенай камітэтам, Плакса нібыта аказаў супраціў падчас затрымання і міліцыянты былі вымушаныя ўжыць сілу. Сведчанні прысутных пры затрыманні пад увагу не браліся. {movie}Валянцін Стэфановіч пра катаванне Плаксы|right|5459{/movie}

Следчы камітэт ахарактарызаваў міліцыянтаў, што збівалі Паўла Плаксу, як “добрых працаўнікоў з высокім паказчыкам раскрыцця злачынстваў”. З матэрыялаў праверкі сталі вядомыя і імёны “герояў” – гэта Дзмітрый Канюхневіч, Раман Міхнюк, Андрэй Дабравольскі, Андрэй Жук і Аляксандр Лішко.

“Спадзяванні толькі на грамадскасць”

Бацькі Плаксы звярнуліся па дапамогу да праваабаронцаў, якія ўжо не першы раз звяртаюць увагу на “эфектыўнасць” падобных праверак. У гэтым выпадку скаргу разглядаў Следчы камітэт Ленінскага раёну – той жа орган, што вядзе крымінальную справу супраць маладога чалавека.

“Мы пісалі ва ўсе інстанцыі: у Генпракуратуру, у Палату прадстаўнікоў па правам чалавека, у Следчыя камітэты, у пракуратуры гораду і раёну. Усе глухія і сляпыя – усё спіхваюць на Следчы камітэт. А там былыя працаўнікі міліцыі… Я лічу, што калі хто дапаможа, то толькі грамадства. А так – ніхто нічога не хоча слухаць. Ці то яны не вераць, што такое магчыма, ці штосьці іншае”, – кажа бацька Плаксы Аляксандр Парцянко.
{movie}Аляксандр Парцянко пра справу свайго сына|right|5457{/movie}
belsat.eu

Стужка навінаў