Сяброўку Сяргея Башарымава адпусцілі пасля сутак у «амерыканцы»


Ірына – сяброўка рыэлтара, які меўся здаць кватэру працаўнікам шведскай “Studio Total”, – распавяла пра сваё затрыманне і допыт.

Сяргей Башарымаў падазраецца ў “спрыянні нелегальнаму перасячэнню мяжы групаю асобаў”, за што яму пагражае ад 3 да 7 гадоў турмы. Адметна, што прадстаўнікі “Studio Total”, якая арганізавала “мядзведжы дэсант”, нават не знялі ў яго кватэру, а адмовіліся ад паслугаў менскага рыэлтара. Аднак ужо самога факту кантактавання са шведамі аказалася дастаткова для чэкістаў.

Як распавядае Ірына, Сяргея забралі 6 ліпеня, калі той ехаў на працу. Пасля затрымалі і яе. Да допыту ў КДБ дзяўчына нават не ведала ні пра якіх мядзведзяў. Праз дзень яе адпусцілі са словамі “Пашанцавала табе, што дзяўчына”. Праўда, працаўнікі КДБ забыліся паведаміць, што сканфіскавалі ейны ноўтбук, флэшкі ды іншыя электронныя носьбіты.

“Мы спачатку не казалі пра гэта, бо выглядала ўсё надта бязглузда. Чакалі, што вось тры дні пройдуць, пасля дзесяць, але цяпер ужо выставілі абвінавачанне. Потым даведаліся, што яшчэ адзін чалавек – фатограф Антон Сурапін – затрыманы за тое ж, і паведамілі медыям”, – кажа Ірына.

Дзяўчына спадзяецца, што нават у КДБ абсурд мае свае межы, і прыкладзе ўсе намаганні, каб вызваліць Башарымава.

belsat.eu

Стужка навінаў