Тамара Сідарэнка: Сустрэцца з Някляевым мне зноў не ўдалося


Галоўнае ўпраўленне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму сёння апублікавала спіс з 19 асобаў, якія падазраюцца па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Між тым адвакаты дамагаюцца сустрэчы са сваімі падабароннымі з вялікімі цяжкасцямі.

Як паведаміла “Белсату” адвакатка Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка, сустрэцца з экс-кандыдатам ёй зноўку не ўдалося. Паводле Сідарэнкі, Уладзіміра Някляева бачыла 20 снежня толькі дзяжурная адвакатка. “Яна паведаміла толькі тое, што вядома ўсім: у Някляева гематома пад вокам, разбітая галава”, – зазначыла Тамара Сідарэнка.

Тамара Сідарэнка таксама распавяла, што сёння праходзіў допыт Андрэя Саннікава, на якім прысутнічаў і ягоны адвакат Павал Сапелка. “Можна сказаць, што Сапелку пашанцавала, большасці адвакатаў даводзіцца дамагацца сустрэчы з арыштаванымі не гадзінамі – днямі”, – гаворыць адвакатка.

Сёння адвакаты напісалі калектыўную заўвагу ў Кнігу скаргаў і прапановаў КДБ. Скаргу накіравалі і генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу. У ёй абаронцы адзначаюць, што парушаецца іхнае права на сустрэчу з падабароннымі.

Паводле дзейснага заканадаўства, абвінавачванне затрыманым пяці экс-кандыдатам на прэзідэнцтва мусяць прадставіць не пазней за 30 снежня. Але, паводле Тамары Сідарэнкі, следства не можа прадставіць абвінавачванне без прысутнасці адваката.

belsat.eu

Стужка навінаў