Лазавік практычна даў каманду не рэгістраваць кандыдатамі Статкевіча і Міхалевіча


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў журналістам, што «не бачыць законных падставаў» для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты апазіцыйных палітыкаў Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.

Чыноўнік назваў гэтыя спробы вылучэння PR-акцыямі палітыкаў. «Я нават не лічу, што гэта правакацыйнае дзеянне, гэта PR-акцыя, якая павінна спрыяць павелічэнню іх вядомасці», – адзначыў ён.

Лазавік заявіў, што ў заканадаўстве прапісаныя патрабаванні да кандыдата ў дэпутаты: ён павінен быць грамадзянінам Беларусі, не маладзейшым за 21 год, які стала жыве ў Беларусі, а таксама не мець судзімасці. «Такім чынам, Статкевіч не праходзіць паводле судзімасці, а Міхалевіч – паводле крытэру пражывання ў краіне», – падсумаваў ён.

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча ў акруговыя камісіі падалі ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу ды іншым палітвязням!».

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў Статкевіча падалі ў большасць акруговых камісіяў Беларусі, у тым ліку ўва ўсіх абласных цэнтрах і Менску. Спісы ініцыятыўных групаў Міхалевіча пададзеныя ўва ўсіх акругах Менску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары