Зміцер Дашкевіч. Дзень народзінаў за кратамі.


Лідару «Маладога фронту» Змітру Дашкевічу сёння спаўняецца 31 год. Ужо больш за 1,5 года ён застаецца ў зняволенні.

У «Малады фронт» Дашкевіч прыйшоў каля 12 гадоў таму. Восенню 2001-га ён быў адным з актывістаў кампаніі для абароны ўрочышча Курапаты падчас будаўніцтва там Менскай колавай аўтадарогі. Тады ж Зміцер узначаліў менскую гарадскую структуру «Маладога фронту», а ў 2004-м – і ўсю арганізацыю.

На выбарах 2006 г. Дашкевіч працаваў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата на прэзідэнта ад дэмакратычных сілаў. Ён быў адным з лідараў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

Асудзілі за «Малады фронт»

У 2006 г. Дашкевіча асудзілі паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу (КК) на 1,5 года пазбаўлення волі за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага аб’яднання.{movie}Наста Палажанка: Для Змітра важней быць свабодным унутры|right|5431{/movie}

«Малады фронт» неаднаразова спрабаваў легалізаваць свой статус, аднак Міністэрства юстыцыі ўсялякі раз знаходзіла падставу адмовіць яму ў рэгістрацыі. У выніку арганізацыю зарэгістравалі ўлады Чэхіі, і яна мае статус міжнароднай.

Пасля прысуду 2006 г., калі Дашкевіч адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, яго паўторна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці паводле арт. 402 КК («Адмова або ўхіленне сведкі ад дачы паказанняў») і пакаралі штрафам памерам 60 баз. вел., бо ён адмовіўся сведчыць супраць свайго паплечніка. У студзені 2008 г. актывіста ўмоўна-датэрмінова вызвалілі, і ён працягнуў палітычную дзейнасць.

Чарговы прысуд{movie}Лявон Баршчэўскі: палітвязні цярпяць за нас|right|5432{/movie}

18 снежня 2010 г., напярэдадні выбараў прэзідэнта, Змітра і ягонага таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў сталіцы паводле абвінавачання ў збіванні двух менчукоў. І Дашкевіч, і Лобаў катэгарычна адмаўлялі абвінавачанні, але суд прызнаў іх вінаватымі. 24 сакавіка 2011 г. Дашкевіча прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Затрыманне актывістаў «Маладога фронту» прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўны крок міліцыі напярэдадні выбараў.

Без памілавання

У месцах пазбаўлення волі Дашкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмаўляўся гэта зрабіць. Апошнім часам лідара «Маладога фронту» перыядычна змяшчаюць у штрафны ізалятар калоніі № 13 у Глыбокім (Віцебская вобласць), у якой ён адбывае пакаранне.

Нядаўна ў дачыненні Змітра Дашкевіча распачалі новую справу – паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). У выпадку прызнання вінаватым Дашкевічу пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года (цяпер яму застаецца адбыць пяць месяцаў пакарання).

Усе судовыя працэсы ў справах Змітра Дашкевіча праваабаронцы расцэньвалі як палітычна матываваныя, а арганізацыя «Міжнародная амністыя» двойчы прызнавала яго вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў