Вітаю, Аляксандр: Аўтар ідэі «плюшавага дэсанту» напісаў ліст Лукашэнку


Кіраўнік рэкламнай фірмы «Studio Total» і арганізатар акцыі з мядзведзікамі Пэр Кромўэл назваў кіраўніка Беларусі «ўзброеным клоўнам» і параіў займацца хакеем, а не палітыкаю. А яшчэ – выказаў жаданне прыляцець у Менск на чэмпіянат свету па хакеі.

Тэкст ліста

Вітаю, Аляксандр!

У мінулую пятніцу ваш КДБ арыштаваў студэнта Антона Сурапіна за публікацыю фотаздымкаў мядзведзікаў «Studio Total», якія прызямліліся ў Беларусі. Сурапіна змясцілі ў ізалятар КДБ, ён не мае ніякіх кантактаў з навакольным светам, ніякія фармальныя абвінавачанні супраць яго не выстаўленыя. Такім чынам, мы хочам удакладніць наступныя факты:

«Studio Total» ніколі не паведамляла Антону Сурапіну, як і любому іншаму грамадзяніну Беларусі, пра тое, што яна планавала зрабіць. Мы занадта любім, паважаем іх і ганарымся імі, каб падвяргаць такой рызыцы. Усё, што мы хацелі ведаць пра вашую супрацьпаветраную абарону, няцяжка было знайсці ў інтэрнэце (Wikipedia), усюды апісанне было аднолькавае: жорсткі, але даволі няспраўны механізм, які болей пасуе для парадаў і пераследу грамадзянскіх асобаў.

Сапраўды, мы ведалі, што вы загадалі збіць паветраны шар, які дрэйфаваў праз мяжу ў Беларусь, і забіць тым самым двух нявінных людзей. Мы таксама ведаем, што вы рэгулярна замаўляеце напады на нявінных журналістаў, студэнтаў і прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама кідаеце іх у турму. Усё гэта – насамрэч прыкметы слабасці і страху.

Нядаўна вы абвесцілі, што асабіста гарантуеце эфектыўнасць беларускай абароны. Вы ўклалі € 20 млрд у сістэмы СПА, якія не змаглі выявіць невялічкі самалёт з грузам плюшавых мядзведзікаў. Павел Казлоўскі, былы міністр абароны Беларусі, сказаў: вы стварылі рэжым, які траціць высілкі на тое, каб пацыент выглядаў здаровым, а не на ягонае лячэнне.

Рэпартажы ў расейскіх медыях, якіх вы не цэнзуруеце, прымусілі шмат якіх людзей смяяцца з вас. У інтэрнэце вы выглядаеце, як клоўн. Але мы не наіўныя. Вы нехта больш страшны – клоўн узброены. Але ў доўгатэрміновай перспектыве нават узброены да зубоў клоўн не зможа спыніць людзей ад смеху. І калі людзі будуць смяяцца з вас, нават вашыя сябры не здолеюць стрымацца.

Наша вам парада такая: вазьміце сябе ў рукі, пакуль не позна. Выкарыстайце грошы, якія вы марнуеце на КДБ і ваенныя парады, каб вывесці краіну з фінансавага крызісу. Што яшчэ больш важна – будзьце менш палітычна актыўны. Можа быць, вы маглі б крыху больш гуляць у хакей? Гавораць, што гэта ў вас атрымліваецца лепей. Можа, калі вы пераможаце без падману, для разнастайнасці, дык пачуецеся лепей? Вы – лідар краіны, у якой жывуць фантастычныя людзі. Яны заслугоўваюць пераменаў.

Але калі вам абсалютна неабходныя турмы і пакрыўджаныя людзі – чаму б не запрасіць нас? Урэшце, менавіта мы былі тымі, хто лятаў на самалёце, а не які-небудзь няшчасны хлопец, які выпадкова прадаў нам шакаладку. Мы абяцаем вам прыехаць і адказаць на ўсе пытанні ды распавесці вам усё пра нашую працу. Як мы ляталі, як мы ашукалі вашу сістэму СПА і гэтак далей. Усё, што вам трэба зрабіць, – гэта абяцаць болей не катаваць нявінных мінакоў.

Можа, калі-небудзь аднойчы мы проста прыляцелі б да вас? Напрыклад, на ваш чэмпіянат свету па хакеі?

З найлепшымі пажаданнямі ад імя «Studio Total»

Пэр Кромўэл

belsat.eu

Стужка навінаў