У балгарскім аэрапорце выбухнуў аўтобус з ізраільскімі турыстамі


З Менску адклалі два з трох авіярэйсаў у Бургас.

Гэтак, рэйс 8639, які меў вылецець а 5:45, адклалі да 21:30, а рэйс 8439 адпраўленнем 13:30 адклалі да 16:30. Трэці рэйс запланаваны на 18:30.

Бомба выбухнула ў аўтобусе

У выніку выбуху ў аэрапорце балгарскага гораду Бургас 18 ліпеня загінулі не менш як сем чалавек. Турысты з Ізраілю прыляцелі ў Балгарыю чартарным рэйсам і сядзелі ў двухпавярховым аўтобусе на стаянцы аэрапорту. Як паведаміў агенцтву «Reuters» міністр замежных справаў Балгарыі Нікалай Младэнаў, а аўтобусе ўзарвалася бомба.

{movie}У Бургасе выбухнуў аўтобус з ізраільцянамі|left|5408{/movie}Параненыя больш за 30 чалавек. У шпіталі даставілі 27 пацярпелых, стан некаторых з іх вельмі цяжкі.

Нэтаньягу абяцае «адказаць» на тэракт

Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу абвінаваціў у арганізацыі тэракту Іран і паабяцаў, што Ізраіль неўзабаве «адкажа».

Трагедыя ў Бургасе адбылася ў 18-ю гадавіну выбуху бомбы ў штаб-кватэры асноўных габрэйскіх арганізацыяў Аргентыны, які арганізаваў тэрарыст-смяротнік з «Хізбулы» (ваенізаванай ліванскай шыіцкай арганізацыі ды палітычнай партыі, якая выступае за стварэнне ў Ліване ісламскай дзяржавы на ўзор Ірану). Тады загінулі 85 чалавек.

Помста за смерць ядравікаў?

18 ліпеня іранскі бок ніяк не адрэагаваў на інфармацыю пра тэракт, пра яго не паведамілі мясцовыя медыі.

Ізраільскія палітыкі ўжо заяўлялі, што ў Балгарыі, дзе так любяць адпачываць суайчыннікі, іх могуць атакаваць ісламскія баевікі, якія пранікаюць праз тэрыторыю Турцыі. Апошнімі месяцамі некалькі ізраільскіх дыпламатаў сталіся мішэнямі для тэрарыстаў-смяротнікаў, за якімі, як сцвярджае Ізраіль, стаіць Іран.

Тэгеран афіцыйна адмаўляе сваю датычнасць да інцыдэнтаў. Аднак некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гэта можа быць спроба адпомсціць за смерць некалькіх навукоўцаў, якія распрацоўвалі ядравую праграму. У іх забойстве Іран вінаваціць Ізраіль і ягоных заходніх хаўруснікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў