Кандыдат ад сацсетак зарэгістраваў каманду і скарае «YouTube»


Гамяльчук Ігар Случак сабраў сваю каманду праз сацыяльную сетку vk.com, і ўчора гэтая ініцыятыўнага група атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Ад сёння народ можа пачынаць збіраць неабходную дзеля афіцыйнага вылучэння тысячу подпісаў. Аднак перад гэтым яны вырашылі пазбіраць лайкі праз ролік на “YouTube”.

Сяброўка ініцыятыўнай групы Случака Юля Сакалова зняла свой відэазварот. Дзяўчына распавядае пра знаёмства з кандыдатам на тле плюшавага мішкі пад гукі песні “Жалезны” гурта “Ляпіс Трубяцкой”.

“Мяне абсалютна не цікавіць тое, што адбываецца ў маёй акрузе ў горадзе Менску. Я шчыра радуюся за 34-ты ўчастак Гомелю: калі Ігар Случак пройдзе, то ўсё будзе добра. Я ў гэтым упэўненая”, – кажа ў відэазвароце Юля.

Немалая канкурэнцыя

Акругу, па якой балатуецца Случак, абіралі на адкрытым галасаванні. Гэтая акруга вылучаецца сярод іншых найвялікшаю канкурэнцыяй, паводле звестак на гэты момант. Акрамя Случака, тут балатуюцца яшчэ 4 кандыдаты. Імя кандыдата з ініцыятыўнай групай № 1 камісія трымае ў сакрэце. Прэтэндэнты на дэпутацтва мяркуюць, што гэта можа быць Ларыса Кузняцова – пакуль яшчэ дзейная дэпутатка, якую ўжо двойчы выбіралі ў гэтай акрузе. Астатнія – звычайныя людзі, як кажа Ігар.

Случак паведаміў службе інфармацыі “Белсат”, што ў ягонай акрузе ёсць і іншы абсалютна незалежны вылучэнец. “Гэта хлопец з заводу. Ён не звязаны ані з якою партыяй, ані з уладамі. Ён будзе вылучацца ад працоўнага калектыву. Ягонае начальства спрабавала адгаварыць яго ісці ў палітыку, але ён упарты. Кажа, што трэба разварушыць гэтае балота”, – падзяліўся інфармацыяй пра свайго канкурэнта Случак.

belsat.eu

Стужка навінаў