Мацкевіч і Сухій асуджаныя - 3 сутак і 20 базавых адпаведна


Іх вінавацілі паводле ўжо традыцыйнага артыкулу 17.1. Паводле сведкаў (менскіх амапаўцаў) яны лаяліся матам і размахвалі рукамі.

Прыкладна аб 11-й гадзіне каардынатарка антыядравай кампаніі Таццяна Новікава і расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі спрабавалі перадаць у расейскую амбасаду ў Менску адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракту на будаўніцтва беларускай АЭС. Падпісанне дамовы было запланаванае сёння ў межах візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Актывістам, аднак, не ўдалося трапіць у амбасаду – іх затрымала міліцыя і даставіла ў Ленінскі РУУС.

Старшыня рады грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій, даведаўшыся пра гэта, вырашыла сама перадаць петыцыю ў прадстаўніцтва Расеі. Выйшаўшы са свайго офісу, яна адразу была схопленая працаўнікамі міліцыі ў цывільным. Разам з ёю быў затрыманы праваабаронца Міхась Мацкевіч, які збіраўся паехаць у Ленінскі РУУС, каб высветліць сітуацыю наконт Таццяны Новікавай і Андрэя Ажароўскага. Затрыманыя паспелі паведаміць, што іх абвінавачваюць у “дробным хуліганстве”. Мяркуецца, што іх павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы.

Праваабаронца Алена Танкачова сцвярджае, што дзеянні міліцыі мелі незаконны характар. Яна перакананая, што ніхто з актывістаў-эколагаў не здзяйсняў супрацьпраўных учынкаў. “Яны не мелі фізічнай магчымасці з увагі на час і месца ўчыніць падобныя дзеянні”, – паведаміла Танкачова. Яна дапускае, што прадстаўнікі антыядравага руху маглі быць затрыманыя з прэвентыўнаю мэтаю. {movie}Танкачова пра затрыманні антыядравых актывістаў|right|5395{/movie}

“Пакуль дзяржава не пачне паважаць меркавання грамадзянаў, меркавання грамадскіх групаў, да той пары мы ўвесь час будзем заставацца закладнікамі перад незаконным умяшаннем дзяржавы ў грамадскую дзейнасць”, – дадала Танкачова.

belsat.eu

Стужка навінаў