Беларускую ламаграфію паказалі ў Маскве. Агляд падзеяў культуры.


Недахопы – як разынка здымку. Гэта прынцып ламаграфіі, новага і актуальнага кірунку фатаграфіі. Ламаграфічныя фота з Беларусі ды Расеі паказаныя на выставе ў адным з альтэрнатыўных маскоўскіх клубаў.

Завалены гарызонт, перасвечаныя кадры і няправільная кампазіцыя ў ламаграфіі лічацца толькі плюсам. А тое, як паўстае здымак, – гэта не проста націск на пімпачку, а цэлая гісторыя.

НАТАЛЛЯ РУСІЯН, ЛАМОГРАФ, МАГІЛЁЎ:
«Адзін чалавек здымае ў сябе слой. Пасля поштаю перасылае стужку сваім сябрам, там на гэтую ж стужку здымаецца другі слой. І абодва не ведаюць, што атрымаецца, бо гэта ўсё выпадкова. Гэта творчасць моманту».

Гэты момант можа адчуць кожны – насуперак традыцыйнай фатаграфіі, у ламаграфіі прынята карыстацца… дрэннымі і таннымі фотаапаратамі.

ПАВАЛ ВАЛОШЫН, ЛАМОГРАФ, ХІМКІ:
«Ужываюцца такія камеры, якія раней лічыліся дрэннымі, – то бок Лома «Змена-8М», у якой калі ты забываўся перакруціць, шчоўкала кадр на кадр. Цяпер гэта наадварот – “дабл”, “мультыэкспазіцыя”.

Паглядзець на вынікі можна ў асяродку імя Джэры Рубіна да канца лета.

Іншыя тэмы: у Менску адкрылася выстава таленавітых беларускіх творцаў belart.by. У Лондане можна паглядзець на партрэт прататыпа Атэла.

Стужка навінаў