Мядзведзеў і Мясніковіч падпісалі генкантракт на беларускую АЭС


Падпісанне адбылося паводле вынікаў перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі ды Расеі Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева ў пашыраным складзе.

Падпісанае таксама пагадненне аб супрацы і супольнай дзейнасці паміж беларускаю страхавою кампаніяй “Белэксімгарант” і расейскім агенцтвам экспартнага страхавання “Эксар”.

“Беларусь будзе радая бачыць расейскія кампаніі сярод акцыянераў, уласнікаў нашай нерухомасці, а таксама будзе радая рэалізацыі расейскімі кампаніямі інфраструктурных сеткавых праектаў”, – адзначыў на пасяджэнні Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі прэм’ер падкрэсліў, што адным з галоўных пытанняў эканамічных дачыненняў дзвюх краінаў ёсць забеспячэнне роўных правоў і ўмоваў для суб’ектаў гаспадарання.

“Са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы прасунуліся ў вырашэнні гэтых пытанняў, аднак у нас па-ранейшаму няма агульнага рынку ды існуюць пэўныя выключэнні і спецыяльныя ўмовы гандлю. Нам трэба ліквідаваць гэтыя бар’еры, збліжаць нашыя пазіцыі”, – сказаў Мясніковіч. Ён таксама адзначыў, што найбліжэйшым часам гэтыя пытанні плануецца абмеркаваць у межах камісіі ЕўрАзЭС.

Прэм’ер Беларусі нагадаў пра ўваходжанне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і падкрэсліў: неўзабаве камісія ЕўрАзЭС разгледзіць пытанні стварэння неабходных умоваў для Беларусі. “Каб не дапусціць страты эканомікі Беларусі”, – растлумачыў ён. Гэтыя пытанні, паводле Мясніковіча, трэба вырашыць у трэцім квартале.

Са свайго боку Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што эканамічныя дачыненні Беларусі ды Расеі на ўздыме, пра што сведчыць рэкордны ў гісторыі дзвюх краінаў тавараабарот. Гэта, паводле Мядзведзева, стала вынікам двухбаковай працы, а таксама стварэння Мытнага саюзу і АЭП. “Задача – гэтыя станоўчыя пазіцыі ў эканамічнай сферы замацаваць. Дзеля гэтага на доўгатэрміновай аснове нам трэба выйсці на рэалізацыю шэрагу супольных інтэграцыйных праектаў”, – сказаў расейскі прэм’ер.

Адным з такіх праектаў ён назваў будаўніцтва беларускай АЭС. “Спадзяюся, мы зможам рэалізаваць і іншыя праекты ў розных кірунках”, – дадаў Мядзведзеў. Паводле яго, калі гэта атрымаецца зрабіць, Беларусь і Расея не будуць залежаць ад коштаў на нафту, газ ды іншыя рэсурсы. {movie}Лукашэнка сустракае Мядзведзева|right|5392{/movie}

Перад сустрэчаю з беларускім калегам Дзмітрыя Мядзведзева спаткаў Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што “вельмі важна, што вы пачынаеце сваё новае старое жыццё ў палітыцы менавіта з візіту ў Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў