Леаніда Мажальскага асудзілі на 5 сутак і 20 базавых штрафу


Адразу з зала суда пенсіянера павезлі на Акрэсціна. Мажальскага затрымалі 6 ліпеня за пратэст супраць ушчыльнення Уручча-2.

Як паведаміў раней сам абвінавачаны, у яго склалася ўражанне, што сведкі з боку абвінавачвання напісалі свае заявы пад капірку або пад дыктоўку.



Пенсіянер «хуліганіў»

«Гэта было відавочна. Матэрыялы, мабыць, былі нарыхтаваныя даўно, чакалі моманту, каб мяне арыштаваць, што і адбылося 5 ліпеня. Мне выставілі абвінавачанне паводле артыкулу «Дробнае хуліганства». Казалі, што я перашкаджаў будаўнічаму працэсу, адштурхваў працоўных, гучна крычаў. Гэтыя абвінавачанні беспадстаўныя, бо мы там не лаяліся. Хуліганства зводзілася да таго, што мы выказвалі свой пратэст супраць будаўніцтва дамоў. За 12 гадоў мы ўклалі столькі працы ў азеляненне, а цяпер усё гэта ідзе прахам. Там ужо пустыня», – заявіў Мажальскі.

Паводле яго, актывісты плануюць працягваць барацьбу – «у цывілізаваных межах». «Нам цяпер, напэўна, не дазволяць ні пратэстаў, ні сходаў. Будзем дзеяць праз суд, праз пракуратуру», – адзначыў Мажальскі.



Праціўнікі ўшчыльнення вырашылі ісці ў дэпутаты

12 ліпеня стала вядома, што змагары супраць дамоў для спецназу хочуць зрабіцца дэпутатамі. Актывісты Віктар Янчурэвіч і Леанід Мажальскі падалі заявы ў акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 11 ліпеня.

У мікрараёне «Уручча-2» неўзабаве мусяць паўстаць шматкватэрныя дамы – сярод іншага, для працаўнікоў спецназу. Канфлікт, які, на думку гарадскіх уладаў, атрымаў неапраўдана вялікі рэзананс, цягнецца з пачатку красавіка. За гэты час пад патрабаваннем спыніць забудову ў зялёнай зоне актывісты сабралі каля 4000 подпісаў.

belsat.eu

Стужка навінаў