Зэльцэр і Функ патрабуюць $ 140 млн кампенсацыі за катаванні ў Беларусі


Амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратарка Уладлена Функ падалі ў суд на канцэрн «Белнафтахім». Яны вінаваць яго ў дачыненні да свайго арышту ў Беларусі.

“Белнафтахім” заявіў “Интерфаксу-Запад”, што не мае дачынення да справы.

Як паведаміў амерыканскі юрыдычны партал courthousenews.com, яны падалі позву ў суд Кінгс-Каўнці ў Нью-Ёрку (ЗША). У ёй Зэльцэр і Функ пішуць, што іх выкралі, незаконна ўтрымлівалі і катавалі працаўнікі беларускага КДБ «на ўказанне беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі» з мэтаю прымусіць урад ЗША зняць эканамічныя санкцыі з кампаніі «Белнафтахім».

Пазоўнікі заяўляюць, што працаўнікі КДБ выкралі іх 10 сакавіка 2008 г. Зэльцэр прабыў пад арыштам 16 месяцаў, Функ – 12. У позве сцвярджаецца, што іх неаднаразова збівалі, прымушалі галадаць, не давалі спаць, адмаўлялі ў доступе да лекаў і медыцынскага абслугоўвання.

Амерыканцы абвінавачваюць кампанію «Белнафтахім» у тым, што яна дзеяла ў змове з беларускім КДБ у спробе прымусіць ЗША зняць санкцыі. Націск прэсы і пагрозы ўзмацнення санкцыяў, што зыходзілі ад найбольш важных чальцоў Кангрэсу і дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан, а таксама іншых міжнародных фігураў «прымусілі Лукашэнку» вызваліць Зэльцэра і Функ пасля больш як гадавога ўтрымання пад вартаю.

Зэльцэр і Функ патрабуюць па $ 20 млн долараў у якасці кампенсацыі ды па $ 50 млн за катаванні, маральную шкоду, незаконнае ўтрыманне і абвінавачанне.

Эмануіла Зэльцэра і ягоную сакратарку Уладлену Функ затрымалі ў Менску 12 сакавіка 2008 г. 11 жніўня Менскі гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі ў выкарыстанні заведама фальшывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж. Зэльцэра прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ – да аднаго года. Сваёй віны яны не прызналі.

Гісторыя скандалу

Паводле Зэльцэра, пад абвінавачаннем у выкарыстанні заведама падробленага дакумента меўся на ўвазе тэстамэнт нябожчыка грузінскага бізнесоўца Бадры Патаркацышвілі, адвакатам якога ён быў. Удава Патаркацышвілі Іна Гудавадзэ і ягоны сябар, расейскі бізнесовец Барыс Беразоўскі, назвалі гэты тэстамэнт падробкаю.

Абвінавачанне ў спробе прамысловага шпіянажу, заявіў Зэльцэр, з’явілася ў апошні дзень следства, бо беларускі бок баяўся, што «абвінавачанне ў «падробцы» разваліцца ў выніку рашэння грузінскага суда». Да пачатку суда ў Менску суд Тбілісі прызнаў завяшчанне Патаркацышвілі сапраўдным.

Зэльцэр паведаміў, што «пад ціскам» у Менску ён быў вымушаны патэлефанаваць у гатэль у Лондан, дзе быў арыгінал завяшчання Патаркацышвілі, «і даў указанне перадаць усе дакументы Беразоўскаму», а не кліенту, які мусіў іх забраць.

Паводле амерыканскага юрыста, Беразоўскі быў «асноўным сведкам» на судзе ў Менску. Зэльцэр мяркуе, што ў ягоным затрыманні «быў агульны інтарэс Беразоўскага і кагосьці з беларускіх вярхоў». Паводле інфармацыі Зэльцэра, Патаркацышвілі «інвеставаў каля 200 млн долараў ЗША ў беларускую нафтахімію».

belsat.eu

Стужка навінаў