На Дашкевіча ўсё ж такі распачалі новую крымінальную справу


У дачыненні лідара міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу – «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Інфармацыя прагучала сёння раніцай у перадачы «Зона Х» у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1». Інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце па Віцебскай вобласці.

Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка, намесніца старшыні «Маладога фронту», была да гэтага падрыхтаваная. Пра тое, што адміністрацыя калоніі перадала ў Следчы камітэт па Віцебскай вобласці адпаведныя матэрыялы, яна даведалася 10 ліпеня, калі прыязджала пабачыцца са Змітром у Глыбоцкую калонію № 13. Пасля гэтага яна звярнулася да беларускай грамадскасці з адкрытым лістом, у якім абвінаваціла яе ў абыякавасці да лёсу палітвязняў.

Больш падрабязную інфармацыю пра крымінальную справу можа будзе даведацца пасля сустрэчы Дашкевіча з адвакатам, запланаванай на 20 ліпеня.

Калі маладзёна прызнаюць вінаватым паводле гэтага артыкулу, яму пагражае яшчэ год пазбаўлення волі.

Змітра Дашкевіча затрымалі разам з Эдуардам Лобавым напярэдадні Плошчы-2010 і асудзілі на два гады турмы нібыта за збіццё мінакоў. Згодна з прысудам, ён мае выйсці з-за кратаў сёлета 18 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў