Сяргей Макар, чарговы палітуцякач у пагонах: Міліцыя стала абслугоўваючым органам


Капітан міліцыі Сяргей Макар папрасіў прытулку ў Швецыі. Ён распавёў журналістам “Белсату” пра тое, што змусіла яго ўцячы з краіны, пра фальсіфікацыі падчас галасавання ды пра настроі, што пануюць сярод сілавікоў.

Ціск КДБ

Сяргей Макар 15 гадоў працаваў у міліцыі – спачатку ў АМАПе, потым – у Кастрычніцкім РАУСе Горадні. Ён распавядае, што ў 2006 г. на яго пачалі ціснуць працаўнікі КДБ з-за ягонага брата Ігара, што служыў у “Алмазе” ды ўцёк за мяжу. “Ён не выканаў загаду Навумава для кампраметацыі Аляксандра Казуліна як кандыдата на прэзідэнта. Пасля гэтага Ігар даведаўся, што ёсць загад “нейтралізаваць” яго – на практыцы гэта азначае забойства”.{movie}Сяргей Макар: На мяне і сям’ю ціснуў КДБ|right|5362{/movie}

Паводле Сяргея Макара, працаўнікі КДБ хацелі, каб ён паспрабаваў паўплываць на брата, каб той вярнуўся ў Беларусь. Сяргей Макар адмовіўся гэта рабіць. “Потым пачаўся сур’ёзны прэсінг на маю сям’ю і на мяне. Мая сястра таксама пакінула краіну. Яе раней дастаўлялі ў аддзел, дзе пратрымалі некаторы час, груба сябе паводзілі, не давалі прысесці, прымушалі напісаць нейкі дакумент – як выклік, каб брат пагадзіўся сюды прыехаць, маўляў, ёй патрэбная дапамога”, – гаворыць Сяргей Макар.

Калі сам Сяргей Макар адмовіўся ад супрацы з працаўнікамі КДБ, з ягоных словаў, тыя яго папярэдзілі пра тое, што “будуць праблемы ў працы”. “Так і адбылося – было некалькі спагнанняў, было паніжэнне па пасадзе. Была яшчэ размова з прадстаўнікамі спецслужбаў, яны казалі: бачыш, як ты сябе паводзіш, калі не будзеш слухацца, то мы цябе звольнім і зробім так, што ты будзеш сядзець. І будзеш сядзець там, дзе вельмі кепска ставяцца да былых працаўнікоў міліцыі, і адпаведна разумееш, што з табою там будзе адбывацца. Я не кажу, што гэтага спужаўся, але я не мог дазволіць ім зламаць мяне, і ствараць непрыемнасці маёй сястры я не мог. Таму я дэманстратыўна адмовіўся”, – гаворыць Сяргей Макар.

Фальсіфікацыі падчас галасавання{movie}Сяргей Макар пра парушэнні падчас галасавання|right|5361{/movie}

Сяргей Макар распавядае, што ён дзяжурыў на выбарчых участках падчас галасавання. Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2006 г. ён быў на выбарчым участку на тэрыторыі вайсковай часткі ў Горадні.

“Выбары там адбываліся банальна проста – у першы дзень датэрміновага галасавання ў калоне па адным, паўзводна вайскоўцы пад кіраўніцтвам сваіх камандзіраў з ужо запоўненымі бюлетэнямі праходзілі на ўчастак і кідалі іх у скрыні”, – згадвае Сяргей Макар. Ён дадаў, што тады ў першы дзень датэрміноавга галасавання толькі адзін чалавек не прагаласаваў – ён прыйшоў на ўчастак назаўтра.

У 2010 г. Сяргей Макар дзяжурыў на выбарным участку кааператыўнага каледжу ў Горадні. Там, паводле міліцыянта, навучэнцаў змусілі прагаласаваць датэрмінова пад пагрозаю, што іначай іх не адпусцяць дадому на выходныя. Таксама там галасавалі людзі, што жывуць на вуліцах побач з каледжам. “Пасля гэтага скрыня для датэрміновага галасавання кожны вечар прыбіралася ў асобнае памяшканне, і што там з ёю адбывалася, я не гатовы адказаць”, – гаворыць Сяргей Макар.

“Цягам апошніх васьмі гадоў я не бяру ўдзелу ў выбарах прынцыпова. Хоць на працы заўсёды кажу, што прагаласаваў датэрмінова. Я не бяру ўдзелу, бо ўсе выбары, у якіх мы можам удзельнічаць, па вялікім рахунку, былі сфальсіфікаваныя”, – падкрэслівае міліцыянт.

Тэракт у метро: гэта правакацыя спецслужбаў{movie}Сяргей Макар пра тэракт|right|5364{/movie}

“Недавер людзей да сілавых структураў найбольш выявіўся пасля выбуху ў менскім метро. У размовах паміж сабою працаўнікі міліцыі згаджаліся, што гэта адмыслова сфабрыкаваная справа і адмыслова зладжаная правакацыйная акцыя, – гаворыць Сяргей Макар. – Кожны працаўнік міліцыі разумее, што арыштаваныя і расстраляныя ў гэтай справе – не вінаватыя”.

Міліцыянт упэўнены, што справа выбуху ў менскім метро – сфабрыкаваная. “Кожны, хто праходзіў спецпадрыхтоўку, разумее, што такога кшталту выбуховае прыстасаванне мог вырабіць толькі прафесіянал. Саматужна зрабіць такое прыстасаванне, нават маючы неабходныя веды, немагчыма, – мяркуе Сяргей Макар. – А ў гэтых маладых людзей не было ні ведаў, ні досведу. Я думаю, і жадання ў іх не было”.

Гэты выбух – правакацыя спецслужбаў. Кожны працаўнік міліцыі гэта разумее, аднак або выказвае сваё меркаванне, або проста маўчыць, бо баіцца наступстваў”, – заявіў Сяргей Макар журналістам “Белсату”.

Грамадства мусіць быць свабодным{movie}Сяргей Макар: Міліцыя стала абслугоўваючым органам|right|5363{/movie}

“Міліцыя ператварылася сёння ў нейкі абслугоўваючы орган. Каб гэтую сітуацыю змяніць, трэба сур’ёзна і шмат працаваць. Каб міліцыя стала міліцыяй, трэба каб грамадства стала свабоднае. Тады закон будзе правільны, і працаўнікі міліцыі пачнуць яго правільна выконваць”, – гаворыць Сяргей Макар.

“Перада мною і перад іншымі людзьмі паўстае сур’ёзны выбар – ці працягваць “плыць па цячэнні”, ці зрабіць штосьці годнае ў сваім жыцці, каб хоць цяпер паказаць, што можна змагацца і супрацьстаяць апошняй дыктатуры ў Еўропе”, – дадаў суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў