Антона Сурапіна вінавацяць у дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы


20-гадоваму фатографу, што змясціў на сваім сайце здымкі плюшавых мядзведзікаў, якіх скінулі над Беларуссю шведскія пілоты, пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён у ізалятары КДБ.

Пра гэта паведаміў Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой ёсць Антон Сурапін.

13 ліпеня ў менскай кватэры, дзе жыве Сурапін, адбыўся ператрус, пасля чаго фатограф быў затрыманы на 3 дні дзеля высвятлення ягонай датычнасці да раскідання плюшавых мядзведзяў з борта шведскага самалёта – пра гэта маці Антона паведамілі ў Камітэце дзяржбяспекі.

Тры дні з моманту затрымання фатографа скончыліся 16 ліпеня, аднак Антона не выпусцілі. Бастунец паінфармаваў, што тэрмін утрымання Сурапіна пад вартаю падоўжаны да 10 дзён.

“Як паведаміў дзяжурны адвакат, першы допыт Сурапіна адбыўся ў панядзелак, 16 ліпеня, у той час як затрымалі яго 13-га. Усе выходныя ён правёў у следчым ізалятары КДБ. Антон падазраецца ў дапамаганні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванаю групаю асобаў)”, – распавёў Бастунец.

3-я частка арт. 371 КК прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Бастунец паведаміў, што ўранку 17 ліпеня бацькі Антона нанялі яму адваката, а таксама збіраюць рэчы для перадачы ў СІЗА.

Варта адзначыць, што афіцыйны Мінск адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Гэтая гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці беларускай супрацьпаветранай абароны. Цяпер камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і воінскіх частак вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.

belsat.eu

Стужка навінаў