Старшыня гаспадарчага суда прэзентаваў сваю рэлігійную кнігу Філарэту


Віктар Камянкоў кіруе Вышэйшым гаспадарчым судом Беларусі, а ў вольны час складае рэлігійныя кнігі. Другі свой твор «Біблія пра сям’ю і для сям’і» ён нядаўна прэзентаваў мітрапаліту Філарэту, Патрыяршаму экзарху. Апошні напісаў прадмову для працы суддзі.

Суддзя хоча наблізіць сем’і да Бібліі

Віктар Камянкоў не піша рэлігійныя тэксты, а проста складае кнігі з вытрымак са Святога Пісання. «Біблія пра сям’ю і для сям’і» – гэта другое ягонае выданне. Кнігу можна знайсці ў кніжных крамах, яна каштуе 100–150 тыс. руб.

Праца складаецца з чатырох раздзелаў – «Шлюб», «Сям’я», «Біблейскія сем’і», «Псалмы», – у якіх апісваецца пазіцыя Бібліі ў дачыненні сямейнага жыцця і адносінаў. Кніга прысвячаецца 400-годдзю з’яўлення Крупецкай іконы Божай Маці, працу ілюструюць рэпрадукцыі іконаў і твораў рэлігійнага жывапісу, перадае сайт Беларускай праваслаўнай царквы.

Складальнік «Бібліі пра сям’ю» ведае, пра што піша: ён ужо 31 год жыве ў шчаслівым шлюбе. У інтэрв’ю «Народнай Волі» Віктар Камянкоў расказаў пра супольную з жонкаю працу над кнігаю:

«Вядома, абмяркоўвалі. Нават зачытвалі асобныя цытаты. І некаторыя моманты з нашага жыцця параўноўвалі з тым, што напісана ў Бібліі. Бо ў маладосці, як і ўсе, шмат памылак нарабілі… Мы з жонкаю знаходзім у сабе сілы вяртацца да вытокаў канфлікту. Не эмоцыям паддаваліся, а імкнуліся высветліць, чаму так здарылася».

Біблія ў дапамогу кодэксу

Першы досвед хрысціянскага кнігаскладальніка суддзя Камянкоў атрымаў тры гады таму, калі выйшла ягонае выданне «Біблія аб правасуддзі». Доктар юрыдычных навук і заслужаны юрыст Беларусі тады падабраў датычныя закону і права цытаты са Святога Пісання. Ідэя была ў тым, каб стварыць хрысціянскі дапаможнік для суддзяў, у якім можна было б знайсці адказы для няпростых судовых выпадкаў.

«Па шчырасці, спачатку гэтую кнігу ўспрынялі з асцярожнасцю. Нязвыкла, каб суддзі дзяржаўных судоў пісалі такія кнігі ды карысталіся Бібліяй пры ажыццяўленні правасуддзя. Аднак калі асобныя суддзі яе набылі, прачыталі і нават парэкамендавалі сваім калегам, цікавасць да выдання значна павысілася. І па-мойму, у сістэме гаспадарчых судоў гэтая кніга ёсць у кожнага суддзі», – распавёў «Народнай Волі» Віктар Камянкоў.

belsat.eu

Стужка навінаў