Маніфест Амельчанкі: Рачныя авіяносцы і льготы для ветэранаў вайны 1812 г.


Аўтар плакату «Мусарок» Іван Амельчанка заявіў пра намер балатавацца ў парламент. На ўрачыстай прэс-канферэнцыі журналістаў сустракалі печывам з кампотам і эратычнымі танцамі ў выкананні паўапранутых дзяўчат.

Падтрымліваць кандыдатуру Амельчанкі ў перадвыбарнай барацьбе будзе моладзевы рух «Zмена».{movie}Прэс-канферэнцыя Івана Амельчанкі|right|5350{/movie}

«Мая галоўная задача – гэта атрымаць працу, там нармальны заробак – абяцаюць больш за 500 долараў. Кватэра, машына, праца няпыльная – цісні на тры кнопкі. Я ў дзяцінстве «Суперконтру» прайшоў да канца, а там чатыры кнопкі было, так што я спраўлюся», – сцвярджае Амельчанка, седзячы на фоне класічнага савецкага дывана.

Новаспечаны кандыдат у якасці стратэгіі барацьбы з нелегальнымі мігрантамі прапаноўвае надпіс «Сардэчна запрашаем у Беларусь» на мяжы памяняць на «Сардэчна запрашаем у Манголію», «каб нелегал, калі перасякае мяжу, афігеваў і вяртаўся назад». «Ваенным не трэба забываць пра тое, што ўсе краіны хочуць паквапіцца на нашу радзіму, таму на аснове гомельскага суднабудаўнічага і суднарамонтнага заводаў трэба стварыць некалькі рачных авіяносцаў», – перакананы будучы кандыдат у дэпутаты.

Івана Амельчанку падтрымлівае і папулярны персанаж Заяц Валера, які разважае над уступленнем у ініцыятыўную групу кандыдата, бо лічыць ягоныя ідэі перадавымі.

У сваю чаргу актывіст «Zмены» Павел Вінаградаў падкрэслівае сваё ігнараванне выбараў у Беларусі як сур’ёзнай падзеі ў жыцці краіны. «Я ведаю некалькі відаў кандыдатаў у дэпутаты: адны ідуць дзеля мастурбацыі ўласнага эга; іншыя ідуць, каб распавесці, што выбараў у нас няма; трэція рэальна хочуць нешта памяняць (яны чамусьці вераць у выбары); чацвёртыя – гэта праўладныя кандыдаты, якія дакладна ведаюць, што праходзяць. Мы – гэта пяты від, які будзе хадзіць і весяліцца», – адзначыў Вінаградаў.

belsat.eu

Стужка навінаў