Куды «дэзерціраваў» экс-амбасадар Сірыі ў Беларусі?


Экс-амбасадар Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Фарук Таха (Farouk Taha) любіў менскую оперу і балет, але дэмакратыя аказалася для яго даражэйшаю. Ён уцёк з дыпламатычнай місіі ў Менску, каб стаць на бок сірыйскіх апазіцыянераў. Гэтая інфармацыя амаль паўгода трымалася ў сакрэце і толькі нядаўна была пацверджаная на афіцыйным узроўні.



«Давай, до свидания»

Уцёкі кіраўніка дыпмісіі Сірыі Фарука Тахі з Беларусі адбыліся ў студзені 2012 г. Падзея супала ў часе з яшчэ аднымі ўцёкамі на высокім узроўні. Збегчы з сірыйскай сталіцы, Дамаску, спрабавала сям’я прэзідэнта Башара аль-Асада. Адчуўшы небяспеку з боку паўстанчага войска, жонка і дзеці Асада інкогніта пад прыкрыццём службы бяспекі спрабавалі трапіць у аэрапорт. Паўстанцы абстралялі іхныя машыны, і ўцекачы мусілі вярнуцца.

Акалічнасці ад’езду амбасадара Сірыі з Менску малавядомыя. Фарука Таху прызначылі на гэтую пасаду ў 2007 г. Ягоныя паўнамоцтвы скончыліся ў студзені 2012 г. Крыніца ў апазіцыйнай Сірыйскай нацыянальнай радзе паведаміла лонданскаму выданню «Asharq Alawsat», што афіцыйны Дамаск збіраўся адклікаць амбасадара, але той апярэдзіў гэтае рашэнне і на радзіму не вярнуўся. Паводле некаторых звестак, замест гэтага ён уцёк у адну з еўрапейскіх краінаў, магчыма, у Швейцарыю.

Спадарства Тахі

Фарук Таха да працы ў Менску кіраваў дыпмісіяй у Маскве. Там ён паспеў абараніць дыплом Расейскай дыпакадэміі ды зрабіцца магістрам навук СМІ. Ён мае навуковую ступень доктара філасофіі, выдатна валодае расейскаю моваю.

Як прызнаваўся Фарук Таха ў інтэрв’ю часопісу «Puinguin», ён лічыць нясціплым расказваць штосьці пра сябе і сваю сям’ю. Аднак вядома, што ён жыве з жонкаю, дзяцей няма. Спадарыня Таха таксама займаецца навукай і грамадскаю дзейнасцю. Яна кандыдат філалагічных навук, займаецца дабрачыннасцю і на той момант была прэзідэнтам Міжнароднага жаночага клубу.

У Менску сям’я амбасадара любіла наведваць тэатр оперы і балету, а таксама Нацыянальны мастацкі музей. «Не толькі я жыву ў Менску, але і ён жыве ўва мне. Я дыхаю ім, і кожнае месца ў ім дарагое для мяне. Горад адлюстраваны ва ўсмешках дзяцей, далікатных уборах мянчанак, чысціні вуліц, працоўным рытме», – вось як паэтычна выказаўся пра Менск былы сірыйскі амбасадар.

Ібрагім Ўаджы замест яго

Цяпер абавязкі амбасадара выконвае часовы павераны ў справах Сірыі ў Беларусі Ўаджы Ібрагім. Пра ягоную асобу вядома няшмат. У 2001 г. ён у якасці другога сакратара МЗС Сірыі ўдзельнічаў у еўрапейска-арабскай сустрэчы ў Італіі для стварэння праграмы для дыпламатаў у трэцім тысячагоддзі. Праз пяць гадоў ён зрабіўся сакратаром сірыйскага Міністэрства замежных справаў і ў гэтай ролі рэпрэзентаваў краіну ў складзе таксама еўрапейска-арабскай працоўнай групы на нарадзе ў пытанні дзяржаўнай службы і цэласці.

belsat.eu

Стужка навінаў