Беларусы ў Польшчы патрабуюць тлумачэння ад АБСЕ


Сябры польскага «Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі» 16 ліпеня пікетавалі сядзібу АБСЕ ў Варшаве. Беларусы патрабавалі тлумачэння з нагоды запрашэння старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай у Вену на канферэнцыю АБСЕ нягледзячы на тое, што чыноўніца ўваходзіць у спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу.

Да пікетоўцаў выйшаў прэс-сакратар Томас Раймэр. Паводле ўдзельнікаў акцыі, ён паабяцаў паінфармаваць прадстаўнікоў краінаў – чальцоў АБСЕ пра існую сітуацыю. «Звяз на карысць дэмакратыі ў Беларусі», у сваю чаргу, заяўляе пра намер дамагацца выканання еўрапейскіх рэзалюцыяў, што датычаць беларускіх чыноўнікаў.

Як Ярмошына трапіла ў Вену?

Старшыня ЦВК завіла журналістам, што візу ёй выдала амбасада Аўстрыі ў Маскве. Паводле яе, запрашэнне было накіраванае ў МЗС, і яна яго не бачыла. «Нам паведаміла міністэрства, што запрашаюцца прадстаўнікі ЦВК узяць удзел у нарадзе. Мы паказалі, што ўзяць удзел можа або старшыня, або сакратар. Трэба аддаць належнае, што вельмі хутка мы атрымалі рэакцыю з Вены, праўда, яна была не на ўзроўні кіраўніцтва, а кіраўнікоў праграмаў. Гэта было пацверджанне, дзе было пазначана, што я зарэгістраваная ў якасці прадстаўніка Беларусі, а сам гэты ліст ёсць падставаю для атрымання візы», – паведаміла Ярмошына.

Візіт Лідзіі Ярмошынай, якую вінавацяць у непасрэднай датычнасці да фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, суправаджаўся пратэстамі з боку апазіцыі ды грамадскасці. Гэтак, у Вене 12 ліпеня адбылася акцыя пратэсту перад будынкам АБСЕ.

belsat.eu

Стужка навінаў