Расейскі віцэ-прэм’ер едзе ў Менск разбірацца з растваральнікамі


Ігар Шувалаў прыляціць у Менск 17 ліпеня, каб правесці перамовы з віцэ-прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам.

Бязмытавы экспарт Беларуссю нафтапрадуктаў з расейскай сыравіны, вакол якога нядаўна разгарэўся скандал, абмяркуюць напярэдадні саюзнага Саўміну.

Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новости” са спасылкаю на крыніцу ў органах дзяржаўнага кіравання Беларусі.

Гісторыя скандалу

Паводле пагаднення аб супрацы ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, нашая краіна атрымлівае расейскую нафту і нафтапрадукты без мыта. Але пры гэтым абавязаная пералічваць у расейскі бюджэт 100 % экспартнага мыта на нафтапрадукты з расейскай сыравіны, якія экспартуюцца за межы Мытнага саюзу.

У пералік не ўваходзяць растваральнікі. У студзені-красавіку 2012 г. Беларусь рэзка павялічыла іх экспарт (ён дасягнуў $ 1,7 млрд).

Расея заўважыла, што Беларусь увозіць усё больш нафтапрадуктаў: толькі за 2012 г. імпарт павялічыўся ў чатыры разы. “Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажывання. Заўважылі, што ў справаздачнасці Мытнага саюзу з’явіліся растваральнікі, якія не абкладаюцца пошлінамі”, – сказаў пасол.

15 чэрвеня прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў профільным ведамствам прааналізаваць сітуацыю з экспартам нафтапрадуктаў з Беларусі.

28 чэрвеня намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў заявіў: “Не выключана, што пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты”. Шаталаў падкрэсліў, што расейскі бок разбіраецца з інфармацыяй і спрабуе прыняць адпаведныя захады. “Будзем дамаўляцца з беларускімі калегамі”, – сказаў ён. Паводле намесніка міністра, расейскі бюджэт губляе мільярды долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў