Ярмошына распавяла, чым займалася ў Вене


Яна прапанавала АБСЕ ўдасканаліць назіранне за выбарамі.

Адпаведную заяву старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына зрабіла на дадатковай нарадзе ў пытаннях чалавечага вымярэння АБСЕ, якая праходзіла 12–13 ліпеня ў Вене.

Ярмошына хоча абскаржваць высновы назіральнікаў

Паводле Ярмошынай, яна выступіла кароткім паведамленнем, у якім прапанавала ўдасканаліць інструкцыю АБСЕ для назірання за выбарамі ды дадаць да яе палажэнне, якое прадугледжвае парадак абскарджання высноваў місіі гэтай арганізацыі.

“У Варшаве было лепш”

Са словаў кіраўніцы ЦВК, “самае прыкметнае было тое, што на нараду былі запрошаныя толькі старшыні выбарчых камісіяў краінаў СНД. Ніхто “заходней” ад выбарчых органаў на гэтае пасяджэнне не запрашаўся”. Акрамя таго, на нараду запрасілі прадстаўнікоў няўрадавых аб’яднанняў. Пры гэтым, адзначыла Ярмошына, “тут таксама было вельмі выбарачнае запрашэнне: былі толькі прадстаўнікі Казахстану, Кіргізіі, Азербайджану і Беларусі”.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму лічыць, што “гэта гаворыць пра нейкую зададзенасць ад самага пачатку адносна ліку ўдзельнікаў”. “Падобныя сустрэчы праходзяць раз на два гады ў апошні час. Я была першы раз на ёй. Але, наколькі мне вядома, раней кола ўдзельнікаў усё ж было шырэйшае. Прынамсі, калі нарады арганізоўваліся ў Варшаве, то туды запрашаліся прадстаўнікі выбарчых органаў большасці дзяржаваў АБСЕ. Я думаю, гэта было гэткае выхаваўчае ўздзеянне менавіта на краіны СНД”, – сказала Ярмошына.

Яна паведаміла, што тэма беларускіх выбараў на нарадзе не абмяркоўвалася. “Гучала толькі адно: чаму не дапусцілі прадстаўніка НДА Карнеенку. Праўда, на другі дзень прысутнічаў іншы прадстаўнік беларускай апазіцыі – нейкая спадарыня Слуцкая, якая працуе ў Варшаве”, – сказала яна.

Ці было запрашэнне?

Кіраўніца ЦВК адзначыла, што візу ёй выдала пасольства Аўстрыі ў Маскве. Паводле яе, запрашэнне было накіраванае ў МЗС, і яна яго не бачыла. “Нам паведаміла міністэрства, што запрашаюцца прадстаўнікі ЦВК узяць удзел у нарадзе. Мы паказалі, што ўзяць удзел можа або старшыня, або сакратар. Трэба аддаць належнае, што вельмі хутка мы атрымалі рэакцыю з Вены, праўда, яна была не на ўзроўні кіраўніцтва, а кіраўнікоў праграмаў. Гэта было пацвярджэнне, дзе было пазначана, што я зарэгістраваная ў якасці прадстаўніка Беларусі, а сам гэты ліст ёсць падставаю для атрымання візы”, – паведаміла Ярмошына.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары