Класкоўскі пра фатографа Сурапіна і КДБ: “Трапіў пад раздачу”


Навошта КДБ затрымаў фатографа Сурапіна? Няўжо яны сапраўды падазраюць студэнта ў арганізацыі “плюшавага дэсанту”? Чаму КДБшнікі з сур’ёзнымі тварамі адпрацоўваюць абсурдныя версіі? Адказы на гэтыя пытанні служба інфармацыі “Белсату” знайшла ў палітолага Аляксандра Класкоўскага.

Кантэкст

Уначы 13 чэрвеня стала вядома, што фатографа і рэдактара сайту BNP.BY Антона Сурапіна працаўнікі КДБ затрымалі на трое содняў. Як паведаміў маці Антона следчы, яны збіраюцца правяраць ягоную датычнасць да “мядзведзікавай” акцыі шведаў. Сайт Антона Сурапіна першы ў Беларусі апублікаваў фота плюшавага дэсанту, скінутага шведамі на Івянец.

КДБ узялося за самую абсурдную версію

Незаконнае перасячэнне шведамі мяжы ды дзёрзкасць акцыі раззлавала ўлады Беларусі. Таму мы маем цяпер следства ў “справе плюшавага дэсанту” на самым высокі узроўні – у КДБ.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што спецслужбы адпрацоўваюць усе версіі, але мацней за ўсё ўхапіліся за версію з “беларускім следам”.

“Ужо нават публічна некаторыя праўладныя прапагандысты пачалі такую версію закідаць. Так бы мовіць, уласныя дэструктыўныя элементы пастараліся: версія пра сувязь гэтак званай пятай калоны, да якой чыноўнікі дадаюць незалежную прэсу, з замежжам. Распрацоўваецца варыянт: а раптам была нейкая патаемная звязка паміж тымі шведамі ды нейкімі сіламі ўнутры Беларусі?” – гаворыць спадар Класкоўскі.

На думку палітолага, спецслужбы таксама могуць падазраваць, што хтосьці, скарыстаўшыся выпадкам, зрабіў з тых фотаздымкаў фэйк, падробку пад гэтыя цацкі з беларускамоўнымі надпісамі. Бо на тых, што кідалі шведы, па-англійску напісана было. Магчыма, ёсць падазрэнні, што “пятая калона” падхапіла выпадак і дадала сваю творчасць.

Сурапін трапіў пад раздачу

Але на чым палягае прычына, з якой Антон Сурапін цяпер застаецца ў засценках КДБ? Спадар Класкоўскі ў адказе апелюе да нашага мінулага досведу: “Мы ж ведаем, як бывае пасля гучных падзеяў: пачынае працаваць такая жатка шырокага захопу, пад якую трапляюць усе, хто гэтак ці іначай звязаны з адпаведнаю гісторыяй. А гэты малады чалавек сам засвяціўся, у разуменні спецслужбаў, першы выклаў тыя здымкі, якія ўсіх гэтак узрушылі. Гэта называецца “трапіў пад раздачу”.

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на бесцырымоннасць спецслужбаў: “І маці Антона, напэўна, вар’яцее, што забралі сына. І сам ён, безумоўна, знаходзіцца ў такім стане, які можа адбіць на ўсё астатняе жыццё ахвоту займацца незалежнаю журналістыкай. Але гэтыя сантыменты неўласцівыя беларускай сістэме і сілавікам”.

Карлсан зляцеў, а Сурапін застаўся

Шведскія арганізатары акцыі на розныя лады падкрэсліваюць, што адмыслова не прыцягвалі нікога з беларусаў да рэалізацыі акцыі. Выкладзенае 90-хвіліннае відэа паказвае кожны момант “аперацыі”. Але КДБшнікі ўсё адно не вераць і шукаюць крайняга. Чаму?

“Гэтая сітуацыя заспела спецслужбы знянацку, і яны не ведаюць, што рабіць. Таму пачынаюць імітаваць нейкую бурную дзейнасць, бо няма сапраўднага следу. Шведы прыляцелі ды зноў зляцелі, як той Карлсан, і шведаў не ўхопіш, бо рукі кароткія. То трэба хапаць тых, хто побач, каго можна схапіць. Ім трэба паказаць, што яны не дарма ядуць свой хлеб. Мы бачым тое, што называецца паліцэйскаю дзяржавай, у агульным сэнсе”, – разважае спадар Аляксандр.

Ці выпусцяць Антона на волю?

“Гэтае пытанне не да мяне, – кажа палітолаг. – Безумоўна, хацелася б. Аднак тут не тая сітуацыя, каб зусім белымі ніткамі шыць абвінавачанне. Але, з іншага боку, мы памятаем падзеі пасля Плошчы-2010. Канечне, там зусім іншыя маштабы ды вастрыня сітуацыі, але на іх мы пераканаліся: для сілавікоў і спецслужбаў элементарна скласці нейкую легенду і зрабіць з мухі слана, змову супраць дзяржавы нейкую намаляваць, высмактаць з пальца. Не выключаюцца ніякія варыянты”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары