У Магілёве маргарын для печыва ракою цячэ па падлозе хлебазаводу (фота)


Маргарынавыя рэкі цякуць на Магілёўскім хлебазаводзе № 4. Гэта добра відаць на фотаздымках, якія зрабіў адзін з працаўнікоў прадпрыемства. Работнік паведаміў, што маргарынавая катастрофа цягнецца другі тыдзень, а выкліканая глупствам кіраўніцтва, якое закупіла процьму маргарыну для печыва, але не змагло захаваць яго ў спёку.

Талы маргарын цячэ па падлозе цэху, дзе вырабляецца печыва. Кіраўніцтва набыло інгрэдыент для мучных вырабаў у настолькі вялікай колькасці, што немагчыма датрымаць умоваў і тэрмінаў захавання. На хлебазаводзе ёсць толькі дзве лядоўні. І маргарын, які туды не змясціўся, пачаў таяць, паведамляе газета “Наш Магілёў”.

На прадпрыемстве вырашылі замарожваць маргарын па чарзе: адна партыя застывае, пакуль другая смажыцца на спёцы, а потым наадварот. Але гэта не дало плёну. Працаўнікі збіраюць талае рэчыва ў чопы, у бочкі, а потым выкарыстоўваюць для вырабу печыва.

Працаўнік заводу Іван, які і зрабіў здымкі, стаміўся выконваць лішнюю працу з-за дурной галавы начальства: “На жаль, санстанцыя пра гэтае здарэнне не ведае, аднак вельмі б хацелася, каб яна завітала на прадпрыемства. Таксама хочацца, каб кіраўнікі адказалі за сваю некампетэнтнасць, былі пакараныя і звольненыя з працы. Чаму з-за іх глупства рабочыя мусяць цярпець і выконваць лішнюю працу? А калі маргарын сапсаваўся, то людзі ж могуць і атруціцца! Асабліва ў гэтым выпадку хвалююся за малых дзяцей”.

belsat.eu

Стужка навінаў