Сяргей Марцалеў у СІЗА КДБ


Кіраўнік выбарчага штабу кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча, Сяргей Марцалеў знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ у Менску. Пра гэта Белапан паведаміў прэс-сакратар камітэту ў абарону правоў зняволеных “Над бар’ерам” Цімафей Дранчук

Беларускія памежнікі затрымалі Сяргея Марцалева ўначы на 23 снежня з цягніка Менск–Варшава. Палітык накіроўваўся ў сталіцу Польшчы на запрашэнне тэлеканалу «Белсат», каб распавесці ў праграме «ПраСвет» пра падзеі ў Беларусі. Затрыманага перадалі міліцыі. Раніцай 23 снежня сувязь з ім перарвалася.

Месцазнаходжанне палітыка стала вядомым толькі ўвечары 24 снежня калі яго сваякам патэлефанавалі з СІЗА КДБ. Супрацоўнікі КДБ таксама паведамілі, што Марцалеў з’яўляецца падазроным у справе па масавых беспарадках у Менску 19 снежня.

Мікалай Статкевіч з’яўляецца адным з сямі кандыдатаў на прэзідэнцтва, якія праходзяць у якасці падазроных да даддзенай крымінальнай справе. У СІЗА КДБ ён абвясціў галадоўку і адмовіўся ад паказанняў. Паводле праваабаронцаў, статус падазроных маюць 22 асобы. Марцалеў стаўся 23-м.

Глядзі таксама
Каментары