БХД хоча забараніць у Беларусі аборты


Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі прызнаюць, што адразу гэтага зрабіць не атрымаецца. Таму напачатку прасоўваюць толькі змены ў закон “Аб ахове здароўя”, абмяркоўваць якія ў парламенце плануюць гэтаю восенню.

Гэтак, БХД хоча абмежаваць тэрмін, калі можна перапыніць цяжарнасць, да сямі тыдняў, дазволіць дактарам адмаўляцца ад аперацыі ды скасаваць сацыяльныя паказанні.

Апазіцыя супраць спаронаў

БХД размясціла на сваім сайце прапанову беларусам падпісвацца пад зменамі ў закон “Аб ахове здароўя”. Тэкст датычыць спаронаў, яго распрацавалі юрысты БХД.

БХД, выказваючы сваю занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі, прапаноўвае наступнае:

• скараціць тэрмін для правядзення спарону да 7 тыдняў (цяпер – да 12 тыдняў, паводле медыка-сацыяльных паказанняў – да 22-х);

• выключыць сацыяльныя паказанні для спаронаў;

• забараніць клінічныя выпрабаванні на чалавечых эмбрыёнах;

• дазволіць дактарам адмовіцца рабіць спарон, за выключэннем выпадкаў, калі для аперацыі ёсць медычныя паказанні або нельга знайсці медыка, які яго заменіць;

• увесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падавання заявы аб намеры зрабіць спарон да моманту яго правядзення;

• забавязаць лекараў інфармаваць жанчын аб рэлігійных і грамадскіх арганізацыях, якія займаюцца прафілактыкаю спаронаў.

БХД не хавае сваёй асноўнай мэты – забараніць спароны ў Беларусі наагул. “Мы разумеем, што немагчыма адразу цалкам спыніць практыку масавых абортаў у Беларусі. Але сёння можна зрабіць першы важны крок на шляху да гэтай мэты. Калі прапанаваныя змены будуць прынятыя, то ўжо ў гэтым годзе будуць выратаваныя тысячы дзяцей!” – гаворыцца ў звароце да тэксту паправак.

Эксперт: лепш навучыць дзяцей засцерагацца

Ірына Саламаціна, сацыёлаг, каардынатарка праекту “Гендэрны маршрут”, ведае, што абмежаванне права на спарон не развязвае праблемы нараджальнасці, што ставяць сабе за мэту хрысціянскія дэмакраты.

“Звесткі UNFPA ў Беларусі кажуць пра тое, што за апошнія гады колькасць абортаў у краіне скарацілася ў чатыры разы. За перыяд з 1990 да 2010 года зменшылася з 260,8 тыс. да 33,3 тыс. А з 2002 года колькасць народжаных дзяцей упершыню перавысіла колькасць абортаў. Аднак праблема ў тым, што кожны сёмы аборт праводзіцца ў жанчын з першаю цяжарнасцю, а кожны дванаццаты – у падлеткаў і моладзі да 20 гадоў”, – апелюе да статыстыкі спадарыня Саламаціна.

На думку эксперта, гэта кажа пра дрэнную і несістэматычную сексуальную асвету ў школе ды за яе межамі: “То бок маладыя людзі элементарна не ўмеюць карыстацца засцерагальнымі сродкамі. І вось ў гэтым кірунку трэба працаваць”.

Ідэя БХД можа прывесці да абмежавання правоў жанчын. “Абмежаванне права на аборт, як паказваюць даследаванні, не развязвае праблемы нараджальнасці. Ды наадварот – толькі пагаршае сітуацыю з правамі жанчын, бо права жанчын на аборт – ейнае натуральнае права самастойна вырашаць пытанні, звязаныя з ейным целам. І гэтае права мусіць быць легальнае”, – кажа спадарыня Саламаціна.

belsat.eu

Стужка навінаў