Суддзя дачакаўся, калі Кастусёў з’едзе


Сябры Партыі БНФ абскарджвалі ўчора ў Менскім гарадскім судзе неўключэнне іх у акруговыя выбарчыя камісіі.

Лідар партыі Аляксей Янукевіч паведаміў, што агулам у Менскі гарсуд было пададзена 7 скаргаў. Разгляд чатырох з іх быў прызначаны на 11-ю гадзіну, а трох – на 15-ю.

Суд адбыўся ў няроўных умовах, бо прадстаўнік ад Партыі БНФ не змог выступіць. “Нашым прадстаўніком быў прызначаны Рыгор Кастусёў. Аднак пра разгляд скаргаў нам паведамілі толькі сёння раніцаю, а Кастусёў сёння ў ад’ездзе”, – дадаў лідар БНФ. Суд разгледзеў скаргі пры прысутнасці сяброў БНФ, але выступу прадстаўніка партыі не было. Ніводнай скарга не задаволілі.

Янукевіч адзначыў, што Партыя БНФ і грамадская арганізацыя БНФ “Адраджэнне” вылучылі 57 сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі па Беларусі. Прайшлі з іх толькі 12.

Сярод прычынаў адмовы называўся сталы ўзрост заяўленых кандыдатаў, а таксама адсутнасць досведу працы ў выбарчых камісіях і няправільна аформленыя дакументы заяўкі.

Былы кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў абураны афіцыйнаю аргументацыяй: “Ветэрана нашай партыі з Дрыбінскага раёну Мікалая Юркова не ўключылі ў камісію, бо спаслаліся на ягоны сталы ўзрост, хоць некаторыя праўладныя прадстаўнікі нашмат старэйшыя”.

Кастусёў не хавае, што Партыя БНФ не разлічвала на пазітыўнае рашэнне, але была вызначаная мэта “прайсці шлях да канца”. “Краіна мусіць ведаць сваіх герояў, – адзначыў палітык. – А рукапісы не гараць. Прыйдзе час, і мы запытаемся ў суддзяў: у чым заключаецца правасуддзе?”

Былы кандыдат заявіў пра намер ісці падобным шляхам пры вылучэнні прадстаўнікоў партыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

belsat.eu

Стужка навінаў