Забытыя палітвязні: Беларусы вінаватыя ў тым, што прызвычаіліся да зла?


Адкрыты папрок, кінуты ў лісце Насты Палажанкі грамадству, мала каму спадабаўся. Нявеста палітвязня Змітра Дашкевіча вінаваціць людзей у абыякавасці да тых, хто з-за палітыкі дагэтуль застаецца ў турме. На бок Палажанкі стаў філосаф Уладзімір Мацкевіч. Ён называе ліст Насты грамадзянскім учынкам, а грамадства – вінаватым і адказным за тое зло, што ў ім адбываецца.

Ліст, які мала каму спадабаўся

Пакуль Зміцер сядзіць у адзіночцы ў ШЫЗА без бялізны, святла, прэсы і лістоў, вы п’яце каву, піва і абмяркоўваеце, на чым лепш паехаць – метро ці маршрутцы. Такія ды іншыя папрокі ў абыякавасці да лёсу палітзняволеных выказала Наста Палажанка ў адкрытым лісце грамадству – “Нож у спіну, ці Пра салідарнасць з палітвязнямі”.

Ліст ускалыхнуў грамадства: тэкст мала каму спадабаўся, а асобныя палітыкі нават пакрыўдзіліся. На думку нашага суразмоўцы філосафа і кіраўніка Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў Уладзімера Мацкевіча, гэта цалкам прадказальная рэакцыя.

“Так, гэты голас зыходзіць ад чалавека, асабіста зацікаўленага ў вырашэнні праблемы палітвязняў. Тым не менш, гэта голас сапраўднай грамадзянкі Беларусі”, – кажа спадар Мацкевіч.

Наста Палажанка кідае папрок апазіцыйным палітыкам, якія не адрэагавалі на пагрозу дадатковага года зняволення Змітру Дашкевічу. Акрамя апошняга, у спіс забытых за кратамі палітвязняў трэба дадаць Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Дзядка ды іншых.

Мацкевіч: грамадства і сапраўды вінаватае

Эксперт, як і Наста Палажанка, ускладае адказнасць за існаванне ў краіне палітзняволеных на грамадзянаў: “Увага да праблемы палітвязняў надзвычай недастатковая, і сапраўды – без ціску з боку грамадства палітвязні ніколі не будуць выпушчаныя. Паколькі ў краіне ёсць палітвязні, гэта значыць, што грамадзянская супольнасць недапрацоўвае”.

Гэтыя пасіўнасць і абыякавасць грамадства, паводле эксперта, і ёсць галоўнымі прычынамі таго, што ў краіне ёсць палітвязні, а рэжым “можа сабе дазволіць такі нахабны, брутальны ціск”.

Чаму мы не хочам вызваляць Дашкевіча?

Спадар Мацкевіч, які 18 гадоў даследуе беларускую грамадзянскую супольнасць, кажа, што адною з важных прычынаў той сітуацыі, у якой мы аказаліся, ёсць адсутнасць арыстакратыі.

“Гэта людзі, якім сорамна, якія не могуць жыць, калі ў іхным асяроддзі адбываецца нешта несправядлівае. Яны ўмешваюцца ў працэсы не таму, што гэта чапляе іх асабістыя інтарэсы, а таму, што чапляе інтарэсы краіны нацыі, за якую яны нясуць поўную адказнасць”, – тлумачыць праблему з сацыялагічнага боку эксперт.

Мы прызвычаілі беларусаў да думкі, што яны – сялянская нацыя. Гэта калі хата з краю. Калі чапаюць суседа, то гэта цябе не датычыць і ты не мусіш умешвацца. Вось гэта сялянская ментальнасць. <…> Мне вядома, што некаторыя палітыкі ўжо пакрыўдзіліся на ліст Насты Палажанкі – і гэта таксама плебейская рэакцыя”, – кажа пра карані праблемы спадар Мацкевіч.

Пасля Плошчы-2010 салідарнасць была, але кудысьці знікла

Наш суразмоўца папярэджвае, што перабольшваць маштабы салідарнасці, якую выказалі людзі пасля падзеяў Плошчы 2010 г., не варта. На думку эксперта, рэакцыя беларускага грамадства і тады была недастатковая. Але чаму цяпер мы не здольныя нават на гэтую “малую” салідарнасць?

“Ёсць вельмі трапны тэрмін – “звычайнасць зла”, калі злачынства, гвалт робяцца паўсядзённымі. Нават ад фізічнага болю людзі енчаць напачатку, а потым прызвычайваюцца. І любая хваля пратэсту, калі не дасягае мэты, з цягам часу сыходзіць на нуль”, – тлумачыць вытокі грамадскай абыякавасці навуковец.

А можа, так і трэба?

Паводле Мацкевіча, каб гэтага не адбывалася, у здаровым грамадстве ёсць людзі, якія не забываюцца, якія не могуць прыцярпецца да гэтага болю, да гэтага зла. Для іх заўсёды злачынства надзвычайнае, як бы доўга яно ні цягнулася.

“Яны заўсёды крычаць ды імкнуцца дагрукацца да астатніх грамадзянаў. І вельмі важна, каб у здаровым грамадстве гэтым людзям не затыкалі раты, звярталі на іх увагу і спрабавалі ім дапамагчы. Цяпер у такой ролі выступае Наста Палажанка. Яна крычыць нам пра тое, што адбываецца ў краіне, – пра тое, да чаго мы са сваёй талерантнасцю прызвычаіліся. Як той беларус, пра якога анекдоты распавядаюць: калі ён сядзіць на цвіку і кажа “А можа, так і трэба?” – падводзіць рысу спадар Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў