У Беларусі экалагічныя стандарты нікому не патрэбныя?


Ніводнае беларускае прадпрыемства не выявіла ініцыятывы, каб атрымаць экалагічны сертыфікат для ўласнай прадукцыі.

На сённяшні дзень у Беларусі экалагічныя стандарты распрацаваныя для чатырох відаў прадукцыі – тэлевізараў, лядоўняў, шпалераў і сінтэтычных мыйных сродкаў. Пра гэта паведаміла кіраўніца праграмы для распрацавання экалагічных патрабаванняў у Беларусі Вольга Чаброўская. Яна заўважыла, што гэтыя стандарты пакуль не запатрабаваныя беларускімі прадпрыемствамі. Ніводнае з іх не выказала зацікаўленасці, каб атрымаць адпаведны сертыфікат, які б пацвярджаў адпаведнасць іх прадукцыі экалагічным нормам.{movie}Галіна Валчуга пра экалагічную маркіроўку|right|5291{/movie}

У межах новага праекту ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, якія прапаноўваюць Еўразвяз і Праграма развіцця ААН, плануецца распрацаваць стандарты, якія вызначаць экалагічныя патрабаванні для мыла, шампуняў, кандыцыянераў для валасоў, лакафарбавых матэрыялаў для ўнутраных працаў, абутку, драўляных падлогавых пакрыццяў, драўлянай мэблі.

Чаброўская падкрэсліла, што прадпрыемствы будуць самі вырашаць, ці наносіць экалагічную маркіроўку на сваю прадукцыю, і дадала, што пакуль дачасна казаць пра павышэнне коштаў на тавары з гэтаю маркіроўкаю.

У сваю чаргу намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Галіна Валчуга выказалася пра важнасць экалагічнай маркіроўкі ў якасці кроку да атрымання адпаведнага лэйблу, аднак падкрэсліла шэраг абмежаванняў на гэтым шляху. Яна заявіла, што для выдавання экалагічнага сертыфікату на прадукцыю эксперты прааналізуюць увесь тэхналагічны ланцужок вытворчасці тавару, а праверку прадукцыі будуць ажыццяўляць акрэдытаваныя лабараторыі.

Намесніца міністра паведаміла, што ў Беларусі плануецца выдаваць сертыфікаты на адпаведнасць экалагічным нормам выключна нехарчовых прадуктаў.

belsat.eu

Стужка навінаў