Паўлюк Быкоўскі: За два гады ўлады не здолелі абмежаваць інтэрнэт


Расейскія законатворцы паўтараюць шлях беларускіх: пасля абмежавання права на мірныя сходы яны ўзяліся за інтэрнэт. Дзяржаўная Дума прыняла папраўкі ў закон “Аб інфармацыі” – пра так званыя чорныя спісы сайтаў. Беларуская дыктатура апярэдзіла расейскую на два гады. Наколькі гэткія забароны адчувальныя для грамадства, каментуе медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі.

Бацька “забараняе” інтэрнэт

Медыя-эксперт Быкоўскі параўноўвае дзяржаву з бацькам, “які сам ведае, што ягоным дзецям можна, а чаго нельга, вызначае, якія рэсурсы можна наведваць, а якія – пад забаронаю”.

“Такі кансерватыўны патрыярхальны падыход прысутнічае шмат у якіх недэмакратычных краінах. У дэмакратыях дзяржава абмяжоўвае толькі тое, што ёсць крымінальным: тэрарызм, дзіцячую прастытуцыю і г. д. Яны вельмі па-рознаму ставяцца да ролі дзяржавы ў дачыненні інтэрнэту. Іншыя дбаюць пра кібербяспеку і абарону інтэрнэт-банкінгу. А ў краінах кшталту Беларусі, Расеі, Кітаю гаворка ідзе пра інфармацыйную бяспеку, якая разумеецца вельмі шырока. Не толькі як абарона саміх сетак, але і кантраляванне інфармацыі, якая праз сеткі распаўсюджваецца”, – кажа спадар Быкоўскі.

Мядзведзева не паслухаліся

У Беларусі ўзаконенае абмежаванне карыстальнікаў глабальнай сеткі пачало дзеяць у верасні 2010 г. У Расеі папраўкі ў адпаведны закон прынялі 11 ліпеня 2012 г. Чым выкліканая такая неабходнасць у Расеі?

“Закон можа быць вынікам тых працэсаў, якія наспявалі ўжо даўно, а цяпер надышоў час іх рэалізацыі. Разам з тым трэба зазначыць, што прэм’ер-міністр Расеі Мядзведзеў выступаў супраць гэтага, таксама выступалі супраць шматлікія прадстаўнікі ўраду. Але атрымліваецца, што кіраўнік партыі Дзмітрый Мядзведзеў не кіруе фракцыяй, якая прасоўвала гэты законапраект. Гэта выглядае вычварэннем”, – разважае Паўлюк Быкоўскі.

Асёл, што закрывае вушамі сонца

У выніку абмежавання доступу да розных сайтаў у Беларусі паўсталі два чорныя спісы. Паводле словаў медыйнага эксперта Быкоўскага, адзін – публічны, другі – сакрэтны, які прызначаны толькі для правайдараў. Першы вядзе УП “БелДІЭ”, ён мусіць утрымліваць сайты ў зоне by, якія чамусьці забароненыя. Але гэты спіс пусты.

Другі спіс таксама вядзе “БелДІЭ” – ніхто з карыстальнікаў не можа паглядзець, што там напісана. У ім 80 сайтаў. У параўнанні з 2010 г. мы бачым тэндэнцыі павелічэння колькасці: напачатку было 20.

“Гаворка ідзе пра старонкі, доступ да якіх кантралююцца дзяржаваю. То бок, у дзяржаўных установах, установах культуры і адукацыі абмяжоўваецца доступ. Прыватны працадаўца таксама можа абмяжоўваць доступ да рэсурсаў. І цяжка прасачыць, чым яны фактычна адрозніваюцца: дзяржава, што закрывае доступ да парнасайтаў і некалькіх апазіцыйных рэсурсаў, і працадаўца, што закрывае “Аднакласнікі”, – дае ацэнку медыя-эксперт.

На думку спадара Быкоўскага, за гэтыя два гады змяніўся хіба што кепскі імідж Беларусі – ён яшчэ больш пагоршыўся. Эксперт не ўпэўнены, што закон прынцыпова змяніў сітуацыю: шмат хто мае доступ у інтэрнэт не толькі з працоўнага камп’ютара, але і хатняга, мабільных прыладаў.

“Гэта як у той байцы, калі асёл спрабаваў закрыць вушамі сонца. Сонца закрыць не атрымаецца, бо грамадзяне, якія цікавяцца інфармацыяй, усё роўна яе знойдуць”, – вобразна падводзіць рысу эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары