Ізраільскія мядзведзі ў спёку дэгустуюць розныя гатункі марозіва


Жывёліны ў ізраільскім заапарку ратуюцца ад спякоты з дапамогаю замарожанай садавіны і рыбы.

Кіраўніцтва заапарку ізраільскага гораду Рамат Ган, каб дапамагчы мядзведзям вытрываць высокую тэмпературу, вырашыла даваць ім ледзяшы і замарожаныя прадукты. Ізраільскія мішкі пры тэмпературы вышэй за 30 градусаў паводле Цэльсія маюць магчымасць астудзіцца і адначасова паласавацца замарожанаю садавіною, рыбаю і нават марозівам.

Сірыйскія мядзведзі, які жылі ў Ізраілі з біблейскіх часоў, але цяпер зніклі ў жывой прыродзе, з вялікім задавальненнем ласуюцца ледзяшамі памерам з вядро, у склад якіх уваходзіць рыба, садавіна ці гародніна ды смачная поліўка.

“Каб зрабіць адмыслова лепш для іх і знізіць іхную тэмпературу цела, мы ўсім ім даем пладовае марозіва, ледзяшы, марожаную рыбу і садавіну, розныя гатункі марозіва з рыбаю і садавіною. Жывёлінам вельмі падабаецца гуляць з такімі рэчамі. Ім гэта не толькі весела, але і сапраўды астуджае, бо халодная ежа дапамагае органам, якія адказваюць за цеплаабмен, зніжаць тэмпературу”, – растлумачыла куратарка заапарку Амэлія Туркель.

Разам з мядзведзямі з дапамогаю замарожаных ласункаў ад летняга сквару ратуюцца таксама малпы і лемуры.

belsat.eu

Стужка навінаў