Дзяржаўны абвінаваўца бароніць правы падсуднай. Абсурд у працэсе над Цімашэнкаю


Касацыйная скарга на вырак Юліі Цімашэнкі трэці раз перанесеная на пазнейшы тэрмін. Судовая палата Вярхоўнага суда Украіны такім чынам задаволіла хадайніцтва дзяржаўнага абвінаваўцы, які настойвае на захаванні права падсуднай прысутнічаць на касацыйным працэсе.

Чаму абвінаваўца бароніць правы асуджанай?

Прыхільнікі Юліі Цімашэнкі заяўляюць аб поўнай падкантрольнасці ўкраінскай судовай сістэмы выканаўчай уладзе і, сярод іншага, прэзідэнту Віктару Януковічу. Адвакаты Юліі Цімашэнкі маюць намер абскардзіць прысуд экс-прэм’ерцы ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Аднак гэта магчыма зрабіць толькі тады, калі будуць выкарыстаныя ўсе магчымасці абскарджання выраку на нацыянальным узроўні.

Даведка “Белсату”

Украінскі суд прызнаў Юлію Цімашэнку вінаватаю ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні стратаў дзяржаўнаму прадпрыемству “Нафтагаз Украіны”. Вырак – 7 гадоў турмы ды забарона цягам 3 гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Акрамя таго, суд забавязаў Цімашэнку выплаціць “Нафтагазу” 188 млн долараў.

Апошняя такая магчымасць – разгляд касацыйнай скаргі на вырак у Вярхоўным судзе. Паводле ўкраінскага заканадаўства, асуджаны мае права прысутнічаць падчас разгляду касацыйнай скаргі. Юлія Цімашэнка з-за праблемаў са здароўем не можа гэтага зрабіць. Аднак на рэалізацыі гэтага права настойвае… бок дзяржаўнага абвінавачання.

Першае слуханне мела адбыцца яшчэ ў сярэдзіне траўня, аднак было перанесенае, хоць Юлія Цімашэнка некалькі разоў заяўляла, што не мае намеру карыстацца сваім правам прысутнічаць падчас судовага паседжання.

Кіеў баіцца выраку Еўрапейскага суда?Адвакат Цімашэнкі: Украіна сталася паліцэйскаю дзяржаваюАдвакат Цімашэнкі: Украіна сталася паліцэйскаю дзяржаваю

Абаронца Юліі Цімашэнкі заяўляе, што ўлады адмыслова зацягваюць разгляд скаргі, каб перашкодзіць падаванню скаргі ў Еўрапейскі суд правоў чалавека. “Дзейныя ўлады як агня баяцца гэтага разгляду і робяць усё, каб перашкодзіць”, – заявіў адвакат Цімашэнкі Сяргей Уласенка.

“На жаль, Украіна становіцца прыкладам дыктатуры, прыкладам краіны, дзе ёсць палітычны пераслед, што пацверджана юрыдычна рашэннем Еўрапейскага суда ў справе Юрыя Луцэнкі. Сёння пацверджана, што Украіна стала паліцэйскаю дзяржаваю, – гаворыць адвакат Сяргей Уласенка. – Еўрапейскі суд зазначыў, што працэдура вычарпання ўсіх магчымасцяў абскарджання і абароны правоў на нацыянальным узроўні – гэта не догма, і гэтае пытанне патрабуе вывучэння ў кожным канкрэтным выпадку. Калі асоба пазбаўленая эфектыўнага спосабу абароны сваіх правоў, а мы бачым, што Юлія Уладзіміраўна пазбаўленая такой магчымасці ў Вярхоўным судзе, то гэта аргумент для Еўрапейскага суда”. {movie}Запіс з залі суда, прыхільнікі Цімашэнкі ля судовага будынку.|right|5288{/movie}

Еўрапейскі суд правоў чалавека не можа скасаваць рашэння нацыянальнага суда, аднак можа ацаніць ягоную адпаведнасць Канстытуцыі ды забавязаць дзяржаву выплаціць кампенсацыю тым, хто пацярпеў ад несправядлівага выраку. За ўсю гісторыю не было зафіксавана ніводнага выпадку, калі рашэнне Еўрапейскага суда правоў чалавека не выконвалася дзяржаваю. Наступствам такога непадпарадкавання можа быць нават выключэнне краіны са складу Рады Еўропы.

belsat.eu

Стужка навінаў