Мясцовага рэферэндуму пра кітайскі тэхнапарк не будзе


Улады не дазволілі жыхарам Смалявіцкага раёну самастойна вырашыць, ці патрэбны ім кітайскі індустрыяльны парк.

Грамадзяне пры падтрыманні кампаніі «Гавары праўду!» сабралі подпісы за правядзенне мясцовага рэферэндуму і падалі ў Смалявіцкі райвыканкам заяву з патрабаваннем зарэгістраваць ініцыятыўную групу. На галасаванне жыхароў раёну ставілася пытанне: «Ці згодныя вы з размяшчэннем на тэрыторыі Смалявіцкага раёну Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку?».

«Нам прыйшоў адказ з упраўлення юстыцыі, у якім гаворыцца, што закранутае намі на мясцовым рэферэндуме пытанне адносіцца да кампетэнцыі не мясцовых, а рэспубліканскіх уладаў, бо ўказ пра будаўніцтва тэхнапарку падпісаў Лукашэнка. А ініцыяваць у гэтым пытанні рэспубліканскі рэферэндум мы не можам, бо ўказы Лукашэнкі на рэферэндуме абмяркоўвацца не могуць», – пракаментаваў адзін з лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў.

Грамадскі дзеяч заявіў, што плануе разам з калегамі апытаць усіх кандыдатаў у дэпутаты, як праўладных, так і апазіцыйных, пра іхнае стаўленне да будаўніцтва тэхнапарку без народнага абмеркавання і грамадскага кантролю.

5 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 253, паводле якога ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласці на плошчы 8048 га плануецца стварыць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён будзе ўяўляць з сябе адмысловую эканамічную зону са спецыяльным прававым рэжымам на 50 гадоў. Прыярытэтныя кірункі развіцця – электроніка, біямедыцына, тонкая хімія і машынабудаванне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары