Ярмошына змагла выляцець у Вену, а Карняенка - не


Нягледзячы на тое, што старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну ніхто не запрашаў, а каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка меў не толькі запрашэнне, але і замоўленыя квіткі.

12–13 ліпеня ў сталіцы Аўстрыі праходзіць канферэнцыя АБСЕ «Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі». Віктар Карняенка меўся ўдзельнічаць у дадатковай нарадзе ў пытанні чалавечага вымярэння АБСЕ. На ёй будуць абмяркоўваць і парламенцкія выбары ў Беларусі.

Калі ж каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» збіраўся вылецець у Вену, памежнікі ў Нацыянальным аэрапорце Менск паставілі яму ў пашпарт штамп аб забароне на выезд. «Я нават сфатаграфаваў яго разам з пасадачным талонам», – паведаміў апазіцыянер.

Напярэдадні, 11 ліпеня, у доме Віктара Карняенкі ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) міліцыянты правялі ператрус і канфіскавалі літаратуру пра назіранне на выбарах.

Тым часам кіраўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік і Лідзія Ярмошына, прозвішчы якіх трапілі ў спіс не ўязных у Еўразвяз, візы атрымалі.

9 ліпеня ў інтэрв’ю агенцтву «БелаПАН» Лазавік распавёў, што афіцыйны Менск не ўдзельнічаў у такой канферэнцыі толькі летась [чыноўнікаў пакаралі за прэзідэнцкія выбары 2010 г. – belsat.eu]. «Аднак гэтым разам, імаверна, кіраўніцтва АБСЕ хоча атрымаць запрашэнне для назірання за выбарамі ў Беларусі, таму мы і былі запрошаныя на канферэнцыю», – сказаў сакратар ЦВК. Аднак сам ён не паехаў – «занадта заняты».

Затое Лідзія Ярмошына ў Вену сабралася. І як высветліла «Еўрарадыё», яе туды ніхто не запрашаў. Як патлумачыў прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Рымэр, любы зацікаўлены, хто можа зрабіць свой унёсак, можа зарэгістравацца он-лайн, а пасля наведаць канферэнцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў