На менскіх будоўлях процьма вакансіяў: рабочыя з’ехалі ў Расею


У сталічным банку вакансіяў ажно 21 тысяча прапановаў працы. Большасць працадаўцаў шукаюць будаўнікоў, але ніяк не могуць знайсці. Дэфіцыт немагчыма пакрыць нават тымі, хто зарэгістраваны на біржы працы.

Крытычны дэфіцыт

На сталічнай біржы працы зарэгістраваныя 3 тысячы чалавек. Гэта ў 7 разоў меней за колькасць вольных працоўных месцаў. Сітуацыя пагаршаецца з месяца ў месяц, бо з 21 тысячы вакансіяў 80 % прызначаныя для рабочых, пераважна, будаўнікоў. А гэтыя спецыялісты даўно ўжо з’ехалі ў Расею па вышэйшыя заробкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у будаўнічай сферы Беларусі складае Br 4 млн, або $ 485. Нават самая нізкая аплата працы на будоўлях у суседняй Расеі ўдвая большая.

Улады могуць выправіць памылку

Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч лічыць, што мы бачым вынік доўгатэрміновай памылковай палітыкі ўладаў. “Шабашнікі, якіх у свой час у Менску было вельмі мала, цяпер едуць у сталіцу, але і іх не хапае. І раней цякучка кадраў у будаўнічых трэстах была вялікая з-за нізкіх заробкаў. Але сёння яшчэ цяжэй утрымаць спецыяліста за Br 3–4 млн пры адкрытай мяжы. Будаўнікі з’ехалі ў Расею, Падмаскоўе, Піцер. У нас планы будаўнічых працаў засталіся, а людзей не стала. Уладам трэба было думаць раней”, – кажа спадар Фядыніч.

Біццём па хвастах называе кіраўнік прафсаюзу нядаўняе падвышэнне тарыфаў. Гэта не верне нашых людзей. Трэба стварыць такія ўмовы, каб заробкі былі не меншыя за расейскія. Бо людзі едуць зарабляць грошы за мяжою для жыцця і падтрымання сям’і тут, у Беларусі. “Гэта датычыць і муляроў, і маляроў, і тынкоўнікаў, – расказвае Генадзь Фядыніч. – Паглядзіце на абвесткі ў метро: гэтых спецыялістаў не хапае. Бо тыя, хто сябе паважаў, з’ехалі па добрыя грошы”.

Расплюшчыць вочы

Адмыслоўцы даўно кажуць, што Беларусі трэба пераглядзець сваю сацыяльную палітыку. Пачаць хаця б з прызнання рэальнага ўзроўню беспрацоўя. Афіцыйныя лічбы гадамі вагаюцца вакол 1 %. У той жа час Сусветны банк ў аснову сваіх крэдытных дамоваў з Беларуссю закладае ўзровень беспрацоўя 6 %. Амерыканскі даследчыцкі інстытут Гэлапа ацэньвае беларускае беспрацоўе на 24 %. Гэта ў 40 разоў больш за афіцыйныя звесткі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары