Саюз дзеля саюзу?


Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пакет з 18 пагадненняў у справе Адзінай эканамічнай прасторы.

Асноўная частка дакументаў датычыцца фармавання макраэканамічнай палітыкі АЭП, свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу, працоўнай сілы.

У прэс-службе парламенту адзначаюць, што для Беларусі вельмі важнымі ёсць дакументы, што датычацца зняцця бар’ераў пры транспартаванні нафты, газу, электраэнергіі.

Незалежныя эканамісты здзіўляюцца, што пагадненне прынятае настолькі хутка, без абмеркавання. Эксперт Інстытуту прадпрымальніцтва і менеджменту Ігар Пеліпась адзначае: “Рэальныя падлікі, колькі Беларусь выйграе ад АЭП, ніхто не праводзіў, бо прагназаваць гэта насамрэч складана. Але зразумела ўжо цяпер, што Расея хоча прывязаць нас яшчэ мацней да сябе. За ратыфікацыю Менск атрымае 4 млрд долараў. Але выйсці з АЭП для нашай краіны будзе ўжо вельмі складана”.

Ягоныя думкі падзяляе і незалежны палітолаг Валерыя Касцюгова. “У Беларусі не запэніваецца ў належнай ступені энергетычная бяспека, што да паставак энерганосьбітаў, мы вымушаныя ўвесь час узгадняць свае інтарэсы з Расеяй, у нас не дыверсіфікаваныя рынкі збыту, дзе мы таксама вельмі залежныя, таму шматлікія пастановы і дамовы ратыфікуюцца з аглядкаю на пазіцыю Расеі”, – адзначыла эксперт.

У адказ на пытанне журналіста, якія выгоды атрымае Беларусь ад ратыфікацыі пагадненняў, чалец сталай камісіі у пытаннях міжнародных справаў і сувязяў з СНД Віталь Бусько заявіў, што гэты пакет нельга разглядаць з гледзішча выгоды для адной з краінаў. “Трэба сыходзіць з таго, што саюз – гэта саюз. І калі пачне кожны гаварыць пра свае інтарэсы, то саюзу ніколі не будзе”, – падкрэсліў дэпутат.

belsat.eu

Стужка навінаў