Пачобут не толькі абразіў прэзідэнта, але і дыскрэдытаваў Беларусь?


Каб разабрацца ў тэкстах і выказваннях гарадзенскага журналіста, Следчы камітэт стварыў адмысловую групу для расследавання крымінальнай справы.

Сёння Андрэя Пачобута выклікалі ва ўпраўленне камітэту Гарадзенскай вобласці. “Мне паведамілі дзве навіны. Першая – што стварылі следчую групу. Другая – што правялі экспертызу фільму “Skazany na polskość”, створанага пра мяне і паказанага тэлеканалам “Белсат” ды трэцяю праграмаю Польскага тэлебачання. Паводле высноваў аднаго эксперта, складу злачынства ў гэтым фільме нябачна. На думку іншага, там ёсць і абраза прэзідэнта, і дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”, – сказаў Пачобут. {movie}Андрэй Пачобут пра вызаў у Следчы камітэт|right|5269{/movie}

У сувязі з гэтым журналіст заявіў, што парушаныя ягоныя правы на абарону. “Экспертыза фільму праводзілася яшчэ да ўзбуджэння ў дачыненні мяне крымінальнай справы. Такім чынам, я не ведаў, што такая працэдура праводзіцца, не мог заяўляць хадайніцтвы аб прыцягненні сваіх экспертаў, ставіць дадатковыя пытанні ды гэтак далей”, – адзначыў журналіст. “Сведчанняў я па-ранейшаму не даю, таму сустрэча выйшла кароткая”, – сказаў Пачобут.

Журналіста затрымалі 21 чэрвеня ў ягонай гарадзенскай кватэры. Правялі ператрус, пасля чаго павезлі спачатку ў пракуратуру, а затым у следчы ізалятар. У дачыненні Пачобута распачалі справу паводле ч. 2 арт. 367 КК (“паклёп на прэзідэнта, здзейснены асобай, раней судзімаю за паклёп ці абразу”).

Затрыманне Пачобута выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Ягонага вызвалення запатрабавалі ўлады Польшчы, кіраўніцтва Еўразвязу, структуры Рады Еўропы і ААН, праваабарончыя арганізацыі. “Amnesty International” прызнала журналіста вязнем сумлення.

30 чэрвеня Пачобута вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

Варта адзначыць, што год таму Андрэя Пачобута ўжо судзілі за паклёп на кіраўніка краіны. Тады суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання на два гады. Зараз журналісту пагражае пяць гадоў зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў