Эколагі падалі на сенатара ў суд за згубу тысяч рыбаў


Эколагі Талачынскага раёну падалі ў суд шматмільённы пазоў на кансервавы завод, якім кіруе цяперашні сенатар Віцебскай вобласці Анатоль Анюхоўскі. У чэрвені праз віну заводу ў вадаёме загінулі 11 тысяч рыбаў, у тым ліку малькоў. За кожную рыбінку эколагі хочуць спагнаць з заводу прыкладна па $ 7.



Хто крайні?

Аршанская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету накіравала ў суд пазоў на прадпрыемства. Сума экалагічнай шкоды ацэньваецца на Br 650 млн. Гэта значыць, што за кожную дохлую рыбінку эколагі хочуць спагнаць з кансервавага заводу больш як па $ 7.

Гібель рыбаў, у тым ліку малькоў, адбылася на пачатку чэрвеня 2012 года. Дагэтуль ішоў разбор – хто вінаваты. Падазрэнні прыпалі на крухмальны цэх Талачынскага кансервавага заводу. На пачатку справы Анатоль Анюхоўскі, дырэктар заводу і чалец Савету Рэспублікі ад Віцебскай вобласці, адмаўляў віну прадпрыемства. Маўляў, і раней злівалі ў ваду адкіды вытворчасці, але ніколі гэта не губіла рыбаў.



Рыбы без кіслароду здохлі

У выніку біялагічнае забруджванне ракі Друць перавысіла норму ў 8,5 разу, што прывяло да зніжэння канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе да 2 %, а для жыцця патрэбныя як мінімум 6 %. За содні загінулі, паводле ацэнак эколагаў, каля 11 тысяч рыбаў.

Праверка выявіла, што абсталяванне цэху састарэла яшчэ 20 гадоў таму, аднак яно дагэтуль эксплуатуецца.

belsat.eu

Стужка навінаў