91-гадовая беларуска з профілем на Facebook – адна з герояў новага фільму «Белсату»


Яўгенія Чаплінская з Валожыну паступіла ў Варшаве ў гімназію імя каралевы Ядвігі. Ішоў 1938 год. З вокнаў свайго пакою яна ўбачыла царкву на другім беразе Віслы і пайшла да яе проста па чыгуначным мосце.

На летнія канікулы Яўгенія паехала да мамы. З сабой не ўзяла нічога: ні абутку, ні падручнікаў. У Варшаву ўжо не вярнулася: пачалася Другая сусветная вайна.

Праз усё жыццё ў савецкай Беларусі сп-ня Чаплінская пранесла веру. Нават школьніцай не баялася пайсці ў царкву ў Валожыне, якую добра было відаць з рэдакцыі мясцовай раёнкі. Пасля каб пакараць тых, хто «правініўся» такім чынам, у школе збіралі адмысловыя лінейкі: «Дзяўблі – такі ты гэткі!».

Пра лёс рэлігійных людзей, якія і падумаць не маглі, што ўжо падчас гарбачоўскай перабудовы цэрквы і касцёлы ў Беларусі пачнуць адчыняць свае дзверы, распавядае дакументальны фільм Ягора Сурскага «Вернікі» (відэа вышэй).

А параўнаць сучасную Варшаву з фотаздымкамі, прывезенымі амаль 80 год таму, для сп-ні Яўгеніі – не праблема. У свае 91 яна – актыўная карыстальніца інтэрнэту і нават мае профіль на Facebook.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў