Лукашэнка выпускае з турмаў карупцыянераў, «палітычныя» застануцца за кратамі


Дзякуючы амністыі на волю выйдуць амаль 3000 чалавек. Для «палітычных» у Законе аб амністыі – асобны радок, згодна з якім гэты акт прэзідэнцкай міласэрнасці на іх не распаўсюджваецца.

Акрамя таго, сёлетняя амністыя мае дзве навацыі: пад амністыю трапляюць асуджаныя за асобныя эканамічныя злачынствы пры ўмове поўнага кампенсавання прычыненых іх дзеяннямі стратаў ды на адзін год можа быць скарочаны тэрмін за карупцыйныя злачынствы.

Для «палітычных» – асобны радок

У Законе аб амністыі ўтрымліваецца пералік катэгорыяў асобаў, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Сярод іх асуджаныя за злачынствы, прадугледжаныя арт. 293 («Масавыя беспарадкі»), 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), 367 («Паклёп у дачыненні прэзідэнта»), 369.3 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») Крымінальнага кодэксу. Такім чынам, пад амністыю не трапляюць асуджаныя паводле так званых палітычных артыкулаў.

«Я ўжо пра гэта казаў: годныя людзі пакутуюць ў засценках, а нягоднікаў мы выпускаем – пад ціскам ці не пад ціскам», – заявіў Лукашэнка падчас выступу са штогадовым пасланнем да парламенту і народу.

Хто трапляе пад амністыю?

Пад дзеянне амністыі трапляюць: няпоўнагадовыя; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў; мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў, і жанчыны, старэйшыя за 55 гадоў; інваліды I або II групы, а таксама хворыя на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ-інфікаваныя і хворыя на анкалагічныя захворванні; ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў; удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварыяў і асобы, пацярпелыя ад гэтых аварыяў; асобы, якія атрымалі раненні (кантузіі), калецтвы, захворванні пры выкананні абавязкаў у перыяд ваеннай службы ва Узброеных сілах СССР, КДБ СССР, Узброеных сілах Беларусі, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях, створаных у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, а таксама асобы, якія атрымалі раненні (кантузіі), калецтвы, захворванні ў звязку з ажыццяўленнем службовай дзейнасці ў перыяд праходжання службы ў Следчым камітэце, органах унутраных справаў, фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, пракуратуры, органах і падраздзяленнях надзвычайных сітуацыяў.

Акрамя таго, вызваляюцца ад пакарання асобы, якія ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, а таксама асобы, асуджаныя за злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх (пры ўмове адбыцця імі не менш як адной чвэрці прызначанага тэрміну пакарання), якім прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў