Назад у СССР: куратарам п’яніцаў будуць плаціць за цвярозасць падапечных


У Пінскім раёне ўлады вяртаюцца да забытай у савецкія часы прафілактыкі п’янства. Да асабліва дзёрзкіх алкаголікаў на працы будуць прыстаўляць куратара з ліку “перадавікоў”. Куратар мусіць праводзіць маральна-псіхалагічную працу і прафілактыку. За паспяховасць будзе атрымліваць прэмію.

Прэмія за цвярозасць

На паседжанні камісіі ў справе барацьбы з п’янствам і алкагалізмам Пінскага райвыканкаму абмяркоўвалі новыя захады, як абараніць сельскае насельніцтва ад ганебнай звычкі піць. Партал гораду Пінску паведамляе, што супольная ідэя кіраўніцтва раёну і асобных сельскіх гаспадарак у тым, каб прыставіць да кожнага п’яніцы куратара з ліку перадавікоў. Калі п’яніца пачне выпраўляцца, перадавік атрымае дадатковую прэмію.

Новая песня на стары лад

Гісторыку Ігару Кузняцову ідэя пінчукоў нагадвае метады маральна-псіхалагічнага ўплыву, што ўжываліся ў СССР. Гісторык прыгадвае як мінімум 5 буйных агульнадзяржаўных кампаніяў дзеля барацьбы з алкагалізмам, якія пачаліся з 1918-га і скончыліся падчас кіравання Гарбачова – разам з СССР.

“Па-за тым на лініі прафсаюзных органаў рабіліся прафілактычныя захады. Пераважна – маральнае апрацоўванне схільных да ўжывання спіртовых напояў. Што датычыць вытворчасці, выклікалі на партыйныя, камсамольскія сходы. На першым этапе бралі на парукі, потым ужывалі спагнанне”, – расказвае спадар Кузняцоў.

І сёння мы бачым тое ж самае. Але гэта барацьба не з прычынай, а са з’яваю. Трэба задумацца, чаго чалавек пачаў піць, раіць гісторык. Культура спажывання спіртовых напояў залежыць ад дабрабыту насельніцтва.

Таму перспектывы ў новай для Беларусі практыкі куратарства сумнеўныя: “Пачнецца ашуканства. Вось я выратаваў траіх п’яніцаў, давайце мне патройную прэмію! Мы ўжо гэта праходзілі, – мяркуе Ігар Кузняцоў. – Практыка сацспаборніцтваў, гонка за вынікам заўсёды аказвалася фікцыяй”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары