Сусветны банк бачыць пагрозу беларускай эканамічнай мадэлі. Айчынныя эксперты не пагаджаюцца


Беларуская мадэль эканамічнага росту дасягнула сваіх межаў і не можа забяспечыць росту пры адсутнасці структурных рэформаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў Краінавым эканамічным мемарандуме для Беларусі.

За апошняе дзесяцігоддзе, гаворыцца ў мемарандуме, тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі былі даволі высокія і складалі ў сярэднім прыкладна 8 % за год. Дзякуючы гэтаму краіне ўдалося істотна зменшыць узровень беднасці: з 47 % у 1999 годзе да 5 % у 2010 годзе.

Аднак, адзначаюць эксперты, эканамічны рост за апошняе дзесяцігоддзе забяспечваўся ў Беларусі найперш за кошт фактараў, якія не спрыялі павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Адною з асноўных прычынаў эканамічнага росту ў Беларусі былі танныя энерганосьбіты. “Цягам 2001–2010 гадоў эканамічная мадэль абапіралася на імпарт энерганосьбітаў з Расеі па заніжаных цэнах, прычым сярэднегадавы памер умоўна налічанай субсідыі перавышаў 13 % ВУП”, – гаворыцца ў дакуменце.

Атрымліваючы энерганосьбіты за ільготныя кошты, Беларусь, тым не менш, не скарысталася гэтаю перавагаю для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці, што “звузіла перспектывы для Беларусі знайсці новыя крыніцы росту”, падкрэсліваюць эксперты Сусветнага банку.

“Самая мадэльная мадэль”

У сваю чаргу, эканаміст Міхаіл Залескі пагрозаў для беларускай эканамічнай мадэлі не бачыць. “Эксперты Сусветнага банку нічога не разумеюць у беларускай эканамічнай мадэлі. Яна выглядае гэтак: расейцы даюць нафту, мы робім з яе салярку і прадаем у Еўропу. І да таго часу, пакуль у расейцаў будзе нафта, а мы будзем прадаваць яе ў Еўропу, нашая мадэль будзе таўсцець і квітнець”, – кажа адмысловец.

Эксперты Сусветнага банку заклікаюць пайсці на структурныя рэформы, але спадар Залескі не разумее, навошта гэта сённяшнім уладам. “Рэформы патрэбныя, калі невядома, што рабіць далей, а тут такой праблемы няма. У нас самая мадэльная эканамічная мадэль”, – смяецца адмысловец.

Рэформы пасля Лукашэнкі

Спадар Залескі падкрэслівае, што сённяшнія ўлады ніколі не пойдуць ні на якія рэформы. Іншая рэч, што пасля змены кіраўніка краіны і, што важней, палітычнага курсу, рэфармаванне эканамічнай мадэлі будзе стаяць у адным шэрагу са шмат якімі іншымі, не менш неабходнымі зменамі.

belsat.eu

Стужка навінаў