Споведзь “сына Лукашэнкі”


https://youtu.be/AYGX91VujYE
Уладзіслаў, які нарадзіўся 18 гадоў таму, якраз калі Аляксандр Лукашэнка афіцыйна пачаў кіраваць Беларуссю, разважае пра сваё жыццё.

Уладзіслаў скончыў у Гомлі лінгвістычную гімназію № 10. Цяпер вучыцца ў дарожна-будаўнічым тэхнікуме.

Рашэнні прымаюць бацькі

Падчас вучобы Уладзіслаў збіраецца падзарабіць падсобным рабочым. Калі ж атрымае дыплом, упэўнены, што будзе запатрабаваным адмыслоўцам не толькі ў Беларусі, але і за мяжою. Маладзён зазначае, што старэйшы брат таксама мае будаўнічую спецыяльнасць, але працаваць вырашыў на радзіме, у Расею не паехаў.

Уладзіслаў кажа, што шмат якія жыццёвыя пытанні развязаць не ў стане, бо не мае досведу. Рабіць жа памылак ён не хоча, таму заўсёды выконвае волю бацькоў. Сям’я, зазначае ён, належыць да сярэдняга класу, у бацькоў нармальныя заробкі. “Планка ў мяне невысокая, таму ў мяне, у прынцыпе, усё ёсць”, – лічыць ён.

“Мне падабаецца беларуская мова”

Уладзіслаў абураецца, што з беларускаю моваю ў краіне праблемы, хоць сам на ёй таксама не размаўляе. Згадвае, што на гэтую тэму ён разважаў у сачыненні. Галоўную праблему ён бачыць у знішчэнні беларускасці яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, з якога “мы выйшлі”.

“БРСМ – гэта нешта незразумелае”

Маладзён кажа, што быў і піянерам, і чальцом БРСМу. “За два гады [сяброўства ў БРСМ] толькі раз пастаялі са стужачкамі ля Вечнага агню. Для мяне БРСМ – гэта нешта незразумелае. <…> Тое, што прайшло міма мяне”.

Пра выбары-2010

Уладзіслаў нечакана кажа, што яго ўразілі прамовы кандыдатаў на прэзідэнцтва ў 2010-м, бо больш за палову з іх была чамусьці па-расейску. Калі хочаш кіраваць Беларуссю – не размаўляй на чужой мове, падкрэслівае навучэнец тэхнікуму.

Далей разважанні пра выбары – зусім у іншым ключы. “Чалавек, які цяпер ля ўлады, мы бачым яго даўно. <…> А прыйдзе новы – і што тады будзе?”

Замест палітыкі – спорт і каханне

Суразмоўца кажа, што ягоныя сябры цікавяцца палітыкаю, але не для таго, каб удзельнічаць, а каб “разумець”. “Большасць займаецца спортам, спрабуе асабістае жыццё наладзіць”.

Беларусь – эканамічна развітая краіна, лічыць ён. Чалавек, у якога ёсць рукі, заўсёды зможа зарабіць на хлеб.

belsat.eu
https://youtu.be/amGApTby6Rs
https://youtu.be/VkdVWgtFPfo

Глядзі таксама
Каментары