Алесь Бяляцкі пакуе міліцэйскія пагоны


Такую працу праваабаронцу даверылі ў бабруйскай калоніі № 2.

Пра гэта Бяляцкі напісаў у лісце праваабаронцы Таццяне Равяцы. “Бяляцкі працуе пакавальнікам. Сярод іншай прадукцыі калоніі – рукавіцы, прасціны і гэтак далей – прысутнічаюць і міліцэйскія пагоны. Іх Бяляцкі таксама пакуе. Вось я і думаю: чаму менавіта зняволеным прызначылі вырабляць міліцэйскія пагоны?” – разважае яна.

Паводле Равякі, Бяляцкі ў лістах не скардзіцца на здароўе і ўмовы ў калоніі. Вязень, са словаў Равякі, ні на што не скардзіцца. “Лісты ад яго – такія маленькія спакойныя нататкі пра жыццё. Напрыклад, пра тое, што на тэрыторыі калоніі жывуць трое баброў, пра якіх ён цікава распавядае”, – адзначыла праваабаронца.

Таццяна Равяка таксама паведаміла, што ў зняволенага калегі не застаецца часу на кнігі – пасля працы ёсць сілы толькі пачытаць газеты.

Алеся Бяляцкага арыштавалі летась у жніўні і дагэтуль трымаюць пад вартаю. Летась у лістападзе суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Грошы на гэтых рахунках выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр “Вясна”, які ачольвае Бяляцкі, працуе нелегальна – улады неаднаразова адмаўляліся яго зарэгістраваць. Сваёй віны асуджаны не прызнаў.

belsat.eu

Стужка навінаў