Кнігараспаўсюдніку Яўдаху далі год «хатняй хіміі» і 57 млн штрафу


Суд прызнаў распаўсюдніка беларускамоўных кніг Алеся Яўдаху вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

10 ліпеня суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў яго годам абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Апрача гэтага Яўдаха мусіць кампенсаваць “шкоду, нанесеную дзяржаве”, і заплаціць штраф.

Працэс у справе Яўдахі пачаўся 28 ліпеня 2011 г. Яго некалькі разоў прыпынялі ды адкладалі. Апыталі каля 30 сведак (планавалася – каля 230), а таксама зачыталі ранейшыя паказанні яшчэ каля 80 чалавек. Суд аднавіўся сёлета 27 чэрвеня.

Яўдаху вінавацяць у тым, што ён, будучы заснавальнікам інтэрнэт-рэсурсу “Кнігі – поштай”, адсылаў у розныя гарады краіны кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна ды інш.

Яўдаха кажа, што ў лютым 2010 г. працаўнікі Міністэрства падаткаў і збораў зрабілі ў яго кантрольную закупку – замовілі некалькі дзясяткаў кнігі “Маладафронтаўцы”. Пасля гэтага ў яго і пачаліся праблемы.

Крымінальную справу ў траўні 2010 г. распачаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу “Кнігі – поштай” і распытвалі, навошта яны пералічвалі грошы распаўсюдніку кніг.

Яўдаха патлумачыў у судзе, што прадпрымальніцкаю дзейнасцю не займаўся, а аказваў паслугі сваім сябрам і знаёмым, якім высылаў кнігі поштаю. Мэтаю была папулярызацыя і распаўсюд беларускай культуры, а не заробак. Яўдаха лічыць прысуд неабгрунтаваным і будзе яго абскарджваць.

belsat.eu

Стужка навінаў